У Беларусь прыйшоў цыклон «Улі», які ўвечары 8 студзеня прынёс багатыя снегапады і моцны вецер. Паводле даных экстранных службаў, у асобных раёнах краіны вышыня снежнага покрыва ўжо перавысіла 30 сантыметраў. Праз непагадзь у краіне аб’яўлены павышаны ўзровень небяспекі, сітуацыя застаецца складанай і ў пятніцу. Гродну таксама дасталіся снег і завіруха. Гродзенцы ўжо скардзяцца на камунальнікаў пры ўборцы снегу.

У Гродзенскай вобласці ўведзены план «Надвор’е»

У 5:30 раніцы ў Гродзенскай вобласці ўвялі спецыяльны план «Надвор’е». Такое рашэнне прынялі праз складаныя дарожныя ўмовы і снегапад, які працягваецца. Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі манітораць дарогі і суправаджаюць машыны камунальных службаў. Таксама просяць кіроўцаў:

  • не паркаваць аўтамабілі ўздоўж дарог, каб не перашкаджаць працы спецтэхнікі;
  • быць асцярожнымі праз снежны накат;
  • трымаць дыстанцыю і хуткасны рэжым;
  • адмовіцца ад рэзкіх і небяспечных манеўраў;
  • прышпільваць рамяні бяспекі ўсім пасажырам.

Па магчымасці аўтамабілістам раяць адмовіцца ад асабістага транспарту і скарыстацца грамадскім. Праўда, з ім таксама могуць узнікнуць праблемы.

Грамадскі транспарт ідзе з затрымкамі

Праз неспрыяльныя ўмовы надвор’я ў Гродне ўскладнены рух тралейбусаў. Магчымыя затрымкі ў раскладзе. Пасажыраў просяць улічваць сітуацыю пры планаванні паездак.

У Гродне працуе аператыўны штаб: да ўборкі снегу далучылі вайскоўцаў

З учорашняга дня ў Гродне дзейнічае рэжым павышанай гатоўнасці. У гарвыканкаме прайшло пасяджэнне аператыўнага штаба пад кіраўніцтвам старшыні Андрэя Хмеля. Службы перавялі на ўзмоцнены рэжым працы. Да камунальных службаў далучылі вайскоўцаў для ўборкі снегу, паведамляе Гродзенскі гарвыканкам.

Што кажуць гродзенцы: скаргі на камунальнікаў

У сацсетках гродзенцы скардзяцца на занесеныя дарогі і складаныя ўмовы для руху.

«Раніца, вядома, жорсткая ў нас у Гродне. Снегу падае шмат. Дарогі ўсе замяло. Але самае цікавае не гэта. Пакуль я 40 хвілін ездзіў па горадзе (хутчэй нават слізгаў), я не сустрэў ніводнага снегаачышчальніка. Гэта як? За 2 дні інфармавалі пра такое надвор’е. На паваротах наогул страх. Паварочваючы, юзам вылятаеш на сустрэчку. Спадзяюся, сёння абыдзецца без аварый на дарогах. А вось камунальным службам — велізарны мінусік», — напісаў адзін з гродзенцаў.

“Снегаачышчальнікі працуюць у рэжыме павышанай скрытнасці. Затое цяпер у кожнага ёсць шанец адчуць сябе героем „Форсаж: Гродзенскі дрыфт“», — напісаў адзін з каментатараў.

Праўда, нехта з гараджан напісаў, што бачыў калоны снегаўборачнай тэхнікі ў суправаджэнні ДАІ.

Іншая гродзенка ў Threads эмацыйна звярнулася да камунальнікаў: «Не хачу асуджаць, але дарожная служба Гродна — зварот да вас. Дзе падрыхтоўка да такога надвор’я? Аўтобус №26 з такой прабуксоўкай паднімаўся ў горку, я думала, мы назад пакоцімся. Да гэтага на прыпынку стаяла, машына юзам ледзь не пайшла. Зрабіце ўжо *** што-небудзь. Я жыць хачу, а не выжываць!» — напісала яна.

Здзіўленне ўрокам фізкультуры на вуліцы

Яшчэ адна гродзенка здзівілася, што школьнікаў у Мінску просяць заставацца дома праз складаныя ўмовы надвор’я, а ў Гродне ў гэты ж час праводзяць фізкультуру на вуліцы.

«Школы Мінска — пакіньце дзяцей дома. Школа ў Гродне — фізкультура на вуліцы: па праграме лыжы», — напісала яна.

«Добра, што праграма супала з надвор’ем. А то мог быць і баскетбол», — іранізавалі ў каментарах. «У Гродне нельга ўпускаць такой магчымасці. Снег раз у пяцігодку», — каментавалі гродзенцы.

Нехта пісаў, што нічога страшнага, што дзеці будуць на вуліцы, бо гэта зіма, іншыя казалі, што дзяцей у двор у такое надвор’е выводзіць не маюць права.

«Не маюць права, падымайце нормы», — напісала адна з каментатарак.

Улады заклікаюць дапамагаць камунальным службам

Дзяржаўныя Telegram-каналы заклікаюць гродзенцаў падтрымаць камунальнікаў і запусцілі нават спецыяльны флэшмоб. Гараджанам прапануюць расчысціць паркоўку каля дома, сцежку да пад’езда або пляцоўку каля дзіцячага садка.

Усё гэта прапануюць зняць на відэа і паказаць, «як вы дапамагаеце свайму гораду, раёну ці двару». «Пакажыце, што мы разам мацнейшыя за любую завіруху», — заклікаюць яны. Таксама ў горадзе і вобласці запусцілі акцыю «Прыбяром снег разам».

Узмоцнены рэжым па ўсёй Беларусі

Праз непагадзь па ўсёй краіне МУС перавяло падраздзяленні на ўзмоцнены варыянт нясення службы. Таксама на базе ГУДАІ МУС разгарнулі рэспубліканскі аператыўна-сітуацыйны штаб. Да ліквідацыі наступстваў снегападу прыцягнуты ўнутраныя войскі і цяжкая тэхніка — усюдыходы, БТРы, «Волат» і «Тыгр».

Некаторыя ўчасткі дарог абласнога і рэспубліканскага значэння могуць часова закрывацца для ачысткі. Кіроўцаў просяць прыбраць аўтамабілі з абочын і дваровых тэрыторый — безгаспадарны транспарт будуць эвакуяваць.

Што па прагнозе надвор’я?

Паводле даных Белгідрамета, сёння ў Гродне захаваецца снежнае і марознае надвор’е. На працягу дня чакаецца снег, месцамі слабая завіруха, пераважна хмарна.

Верагоднасць ападкаў высокая — да 80–90%. Вецер паўночны і паўночна-ўсходні, 4–9 м/с, з парывамі да 14 м/с, праз што тэмпература будзе адчувацца ніжэйшай за фактычную. Тэмпература паветра — −9…−11 °C. На асобных участках дарог магчымыя снежны накат і галалёдзіца.