Гродзенскія чыноўнікі не бачаць сэнсу ўзводзіць у Грандзічах дзіцячы садок, таму што дашкольныя ўстановы ў іншых мікрараёнах не заўсёды запоўнены. Бацькам прапануюць адвозіць дзяцей у садкі, дзе ёсць вольныя месцы.

Пра тое, што новы дзіцячы садок у Грандзічах будаваць пакуль не будуць, распавёў старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель. Па словах чыноўніка, горадабудаўнічая дакументацыя прадугледжвае будаўніцтва ўстановы, але ў цэнтральнай частцы горада сады не запоўненыя.

«Будаўніцтва новых устаноў у мікрараёнах можа прывесці да закрыцця наяўных, якія яшчэ можна захаваць. Большасць гараджан працуюць у цэнтры, і даставіць дзіця туды нескладана», – лічыць Хмель.

На думку чыноўніка, бюджэтныя сродкі лепш патраціць на аднаўленне ўжо існуючых садоў, чым узводзіць яшчэ адзін у Грандзічах.

“Калі б перада мной устаў выбар паміж капітальным рамонтам 20 дзіцячых садоў і будаўніцтвам аднаго новага (пры супастаўных выдатках), я б адназначна абраў першы варыянт”, – кажа Хмель.

Школа – у прыярытэце

Падобнае меркаванне выказвае і намеснік старшыні Гродзенскага гарвыканкама Віталь Мамачкін. Чыноўнік адзначае, што ў садок дзеці ходзяць «тры-чатыры гады і сыходзяць у школу, якая на 11 гадоў становіцца другім домам». Таму будаўніцтва школы ў Грандзічах пакуль у прыярытэце. З гэтым згодзен і Хмель.

Таксама ўлады плануюць рэканструяваць і мадэрнізаваць гродзенскія ўстановы адукацыі. “У горадзе хапае дашкольных і школьных устаноў, галоўнае іх усе прывесці ў парадак, каб яны адказвалі сучасным патрабаванням”, – кажа Мамачкін.

Дзяцей можна развозіць па садах – для гэтага плануюць пусціць транспарт

Дэпутат і галоўны дырэктар “Гродна Плюс” Сяргей Мазайла лічыць, што вырашыць праблему незапаўняльнасці садоў у цэнтральных раёнах горада можна. “Раскажу ідэю: узяў дзіця, паехаў у цэнтр, дзе няма чаргі ў садку, завёў – пайшоў на працу. Не спяшаючыся з працы, забраў, паехаў. На мой погляд, заканамерна”, – кажа Мазайла.

На думку Мамачкіна, “пытанне так і вырашаецца”. Таксама ўлады прапрацоўваюць ідэю з увядзеннем “школьнага” аўтобуса – транспарту, які будзе развозіць дзяцей і бацькоў па ўстановах са свабоднымі месцамі. Мамачкін лічыць такі варыянт аптымальным.


У 2021 годзе ў Грандзічах запрацаваў дзіцячы садок на 230 месцаў. Восенню 2024 года ў мікрараёне адкрылі яшчэ адзін сад на 335 чалавек – дашкольная ўстанова лічыцца самай вялікай у вобласці. Пры гэтым па падліках уладаў ужо да 2030 года ў мікрараёне будзе жыць больш за 60 тыс. чалавек. Садоў не хапае і ў іншых хуткарослых раёнах – Альшанцы і Вішнеўцы.

Чытайце таксама: У Грандзічах пабудуюць царкву ў руска-візантыйскім стылі