У Гродне пачалася падрыхтоўка да XV Фестывалю нацыянальных культур — свята праводзяць раз на два гады. Улетку 2026 года зону мерапрыемстваў пашыраць, таксама плануюць запрасіць хэдлайнераў.
Гандлёвыя кропкі будуць на Ажэшкі
Тэматыкай юбілейнага Фестывалю нацкультур стане шматканфесійнасць і шматнацыянальнасць Беларусі, распавёў у інтэрв’ю часопісу «Гродно» старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель.
Зыходзячы з колькасці наведвальнікаў фестывалю 2024 года — 220 тыс. чалавек — у сёлетнім зону мерапрыемстваў вырашылі пашырыць. На вуліцы Ажэшкі размесцяць гандлёвыя кропкі. Саму праграму фестываля яшчэ распрацоўваюць, дадаў Хмель.
Імя хэдлайнера пакуль трымаюць у сакрэце
Адборачныя туры ўдзельнікаў па абласцях ужо ідуць, дадае ў інтэрв’ю «Гродно Плюс» намеснік старшыні гарвыканкама Віталь Мамачкін. Прыкладна ў чэрвені журы адбяруць удзельнікаў фестывалю ў Гродне.
Мамачкін адзначае, што свята здзівіць «багаццем падворкаў і нацыянальнасцяў». У рамках фестывалю ўдзельнікаў пагрузяць у яго гісторыю – адновяць тэматыкі з 96-га года. Запланаваны гала-канцэрт, выставы, дэгустацыя нацыянальных кухняў. Калі атрымаецца дамовіцца, удзел прымуць калектывы з гарадоў-пабрацімаў Гродна.
Хэдлайнера фестывалю Мамачкін не агучыў — вырашыў пакінуць імёны прэтэндэнтаў у сакрэце.
Фестываль культур у Гродне праводзяць з 1996 года. Галоўная асаблівасць свята — удзельнікі розных дыяспар, якія знаёмяць гасцей з культурай сваіх рэгіёнаў.
Сёлета фестываль адзначае адразу два юбілеі: 30 гадоў з заснавання і святкаванне яго ў Гродне ў 15 раз.
Чытайце таксама: Як прайшоў XIV Фестываль нацыянальных культур у Гродне



