“Адна з нашых амбіцый – арганізаваць і правесці ў Гродне маштабны фестываль вулічнага мастацтва з міні-сцэнамі і пастаноўкамі ўсіх маладзёжных тэатраў краіны”, — заявіў у інтэрв’ю часопісу “Гродно” старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель. Тым не менш, такое свята ў горадзе ўжо праводзілі. Крыніца Hrodna.life раней казала, што гэта адпрацаваная схема – улады перахапляюць паспяховыя мерапрыемствы ў арганізатараў.
Замест незалежных арганізатараў і аматараў — гарвыканкам
Хмель анансаваў “маштабны фестываль вулічнага мастацтва” як новае маштабнае свята. Але аматары ў Гродне ўжо праводзілі Біг-Міні-фестываль вулічнага мастацтва.
Ён праходзіў з 2012 да 2020 года. Да ўдзелу ў праекце запрашалі сучасныя і эксперыментальныя тэатры з розных краін — акцёры разыгрывалі сцэнкі або ладзілі перформансы на вуліцах горада. У 2020 годзе фестываль праводзілі у анлайн-фармаце. Нейкі час фестываль вулічнага мастацтва праводзілі ў рамках Фестывалю нацыянальных культур або Дня моладзі.
Ад «BEERacнёўскага ФЭСТа» да «Гродзенскай пінты»
Падобная сітуацыя выйшла з фестывалем “Гродзенская пінта”. Хмель пазіцыянуе яго як “навінку” ў праграме гарадскіх мерапрыемстваў і “першы” піўны фестываль. Улады плануюць правесці свята ў канцы жніўня і хочуць запрасіць беларускіх вытворцаў крафтавага піва і квасу.
Але падобнае мерапрыемства — «BEERacнёўскі ФЭСТ» – ужо праходзіла у горадзе ў 2014 годзе. Тады яго правялі ў рамках рэспубліканскага кірмашу “Еўрарэгіён “Нёман-2014″”, а паўдзельнічалі ў ім чатыры піваварныя кампаніі краіны: “Аліварыя”, “Лідскае піва”, “Крыніца” і “Heineken”.
Ад Run4Fun да «Забега цвярозасці»
Яшчэ адзін прыклад пераходу ініцыятывы ад прыватных асоб да чыноўнікаў – гарадскія забегі. З 2015 па 2023 год клуб Run4Fun арганізоўваў забег 1 студзеня – паўдзельнічаць мог кожны жадаючы. Цяпер мерапрыемствам займаецца гарвыканкам і БРСМ, а марафон атрымаў назву “Забег цвярозасці”.
Арганізатар мерапрыемстваў: “Пачынаюць аматары, перахапляюць чыноўнікі”
Тэндэнцыю да “перахоплівання” чыноўнікамі гарадскіх мерапрыемстваў заўважыў і былы арганізатар фестываляў. Пра гэта ён казаў у 2022-м годзе. Па словах крыніцы Hrodna.life, большасць фестываляў у постсавецкіх краінах пачыналіся менавіта з аматараў.
— Пазней «афіцыйная культурка» (іранічны тэрмін эпохі СССР) перахапляла арганізацыю і «адціскала» фестываль. Аматары купляліся на невялікую фінансавую дапамогу, атрымлівалі ў адказ шэраг абмежаванняў і забаронаў і «аддавалі» арганізацыю.
Крыніца дадае, што яшчэ ў 2010-х атрымаць дазвол на правядзенне недзяржаўнага фестывалю было лёгка. Пасля фармальнымі арганізатарамі свят сталі выканкамы.
Чытайце таксама: “Напіцца і забыцца”, бытавуха і Саладуха. Што не так з гарадскімі святамі ў Гродне



