У бліжэйшы час будаваць крэматорый у Гродне не будуць – не выгадна эканамічна, паведаміў у інтэрв’ю часопісу “Гродно” старшыня Гродзенскага гарвыканкама Андрэй Хмель. 

Па словах Хмеля, абмеркаванне будаўніцтва крэматорыя прыпынілі па двух прычынах. Гэта эканамічна немэтазгодна, а мінскі крэматорый «задавальняе запатрабаванні нашага рэгіёна», кажа Хмель. Таксама няма інвестара, які ўклаў бы грошы ў будаўніцтва.

Пры гэтым Гродзенскі калумбарый папулярны – “ячэйкі актыўна выкупляюць і запаўняюць”, дадаў чыноўнік.

Генплан горада прадугледжваў будаўніцтва крэматорыя

Яшчэ ў 2020 годзе будаваць крэматорый у Гродне ўсё ж планавалі, няхай і ў аддаленай будучыні. Могілкі з дзвюма формамі пахавання (традыцыйнай і прах у скрынях) з перспектыўным (пасля 2030 года) будаўніцтвам крэматорыя прадугледжвалася ў генплане горада. Месца вызначылі справа ад могілак “Аульс”.

Для традыцыйных пахаванняў, з улікам росту насельніцтва Гродна, да 2030 года спатрэбіцца каля 97 гектараў зямлі. Пытанне аб мэтазгоднасці пабудовы ў Гродне крэматорыя і калумбарыя час ад часу ўзнімаюць апошнія гадоў 18.

Распрацоўнікі новага генплана падлічвалі, што ў такім выпадку спатрэбіцца ад 35 да 70 гектараў на пашырэнне могілак – у залежнасці ад прапорцый традыцыйных пахаванняў і крэмацыі.

Будаўніцтва крэматорыя вырашыла бы многія праблемы, ідэю падтрымала і кіраўніцтва горада. Але, як тады патлумачыў першы намеснік старшыні гарвыканкаму Андрэй Жук, паводле закону будаваць яго мае права толькі дзяржава. Таксама яго непакоіла тое, што ў рэгіёне шмат рэлігійных канфесій, і крэмацыя можа не прыжыцца.

Чытайце таксама: У Гродне расце папулярнасць крэмацыі: месцы ў калумбарыі пачалі запаўняцца