У канцы снежня на сайце Гродзенскага гарвыканкама з’явіўся новы графік па правядзенні АУНА (ацэнка ўздзеяння на навакольнае асяроддзе) па рэканструкцыі Дома быту на Замкавай. Абмяркоўваць АУНА будуць у студзені 2026 – канкрэтную дату пакуль не назвалі.

Праект прадугледжвае рэканструкцыю гандлёвага цэнтра пад пяціпавярховы грамадскі будынак. Таксама ёсць тры альтэрнатыўныя варыянты. Рэканструкцыя Дома быту з цеплазабеспячэннем ад існуючых сетак; будаўніцтва ўласнай газавай мінікацельнай або адмова ад прапанаваных праектаў.

Згодна з апублікаваным графікам, пасля сходу справаздачу АУНА дапрацуюць. У лютым 2026 года прымуць рашэнне аб планах па рэканструкцыі Дома быту.

Як ішлі і перарываліся абмеркаванні па праекце

У сярэдзіне лістапада 2025 стала вядома, што былы Дом быту выкупіў гродзенскі бізнесмен Станіслаў Сямашка. Тады ж з’явілася першая візуалізацыя абноўленага будынка. Сямашка расказаў аб планах рэканструкцыі будынка ў гістарычным цэнтры горада. Ён быў упэўнены, што праект “спадабаецца ўсім” і абяцаў, што зробіць усё “пад ключ” за восем месяцаў.

Першыя грамадскія абмеркаванні павінны былі прайсці з 8 лістапада па 8 снежня 2025 года. Пасля крытыкі праекта Сямашкі, якую выказалі гараджане і горадабудаўнічая рада, гарвыканкам спыніў працэдуру — гэта адбылося 21 лістапада.

На 18 снежня запланавалі сход грамадзян, але напярэдадні Сямашка даслаў ліст у гарвыканкам. У выніку сход адмянілі.

Па тэме: “Сямашка маніпулюе правам”. У Гродне аднавілі грамадскія абмеркаванні па Доме быту 

Пасля абмеркаванне аднавілі. Згодна з сайтам гарвыканкама, яно праходзіла з 15 да 31 снежня.