На ўчастку па вуліцы Будзённага, 42—44 плануюць узвесці чатырохпавярховы будынак з паркоўкай. Там размесцяць магазіны, бізнес-апартаменты і дапаможныя памяшканні. Праграму АУНА апублікавалі на сайце Гродзенскага гарвыканкама.
Згодна з праектам, будынак будзе Г-падобнай формы. Тэрыторыю побач добраўпарадкуюць: пракладуць асфальтаваныя дарогі, участак азеляняць, зробяць паркоўку на 47 месцаў. Таксама з боку вуліцы Студэнцкай зробяць аўтамабільны праезд да вуліцы Будзённага.


Прапануюць тры варыянты будаўніцтва. Першы – рэалізаваць праект з падводам цэнтралізаваных інжынерных сетак. Другі – абсталяваць мінікацельную на біямасе. Трэці варыянт – адмова ад рэалізацыі праекта.
Справаздачу аб АУНА падрыхтуюць да студзеня 2026. У лютым правядуць сход і дапрацуюць справаздачу. У сакавіку прымуць рашэнне аб будаўніцтве будынка на Будзённага.
Рэалізацыяй праекта забудовы займаецца кампанія “Астострой”. Фірма спецыялізуецца на таунхаус. У Гродне “Астострой” рабіла апарт-гатэль на вуліцы Фестывальнай, а таксама забудоўвала ЖК “Роял Парк” на Камунальнай.
На ўчастку мог з’явіцца гатэль ад французскай кампаніі
Участак на Будзённага 42-44 знаходзіцца на месцы першай Гродзенскай электрастанцыі. У 2009 годзе яе разбурылі, тэрыторыя пуставала. У 2016-2017 гадах тагачасны старшыня гарвыканкама Мечыслаў Гой казаў, што на гэтым участку хутка пабудуюць гатэль Ibis французскай кампаніі Accor hotels. Але праект так і не рэалізавалі.
У лютым 2019 праходзілі грамадскія абмеркаванні: на ўчастку планавалі пабудаваць офісны цэнтр, а ў перспектыве разглядалі будаўніцтва гасцініцы і студэнцкага інтэрната.
Улетку 2023 участак выставілі на аўкцыён.
Як зменіцца вуліца Будзённага?
Пра тое, што на Будзённага, 44 з’явіцца гандлёвы аб’ект, стала вядома ў жніўні 2022. Тады ўлады зацвердзілі дэталёвы план гістарычнага цэнтра Гродна. Згодна з планам, будоўлю на Будзённага, 44 уключылі ў першы этап, які доўжыўся да 2025 года. А да 2030 года плануюць пабудаваць культурны цэнтр па вуліцы Будзённага 54А і 54Б.
Чытайце таксама: Гарвыканкам зноў правядзе сход па рэканструкцыі Дома быту



