Новы год традыцыйна лічыцца святам для сям’і і шумных кампаній, але ёсць людзі, якія выбіраюць сустракаць яго ў адзіноце. У некаторых гэта свядомы выбар, у кагосьці так склаліся абставіны. У апошнія гады ў інтэрнэце ўсё часцей з’яўляюцца артыкулы з парадамі, як весела правесці ноч сам-насам з сабой, а таксама матэрыялы пра феномен «адзінокага Новага года». Сёлета беларусы ў цэлым і гродзенцы ў прыватнасці распавялі ў Threads пра свой досвед сустрэчы свята ў адзіноце.

«Амаль 10 гадоў жыву ў Гродне, і гэта мой першы Новы год, калі я без нікога. Напэўна, мяне чакаюць ашаламляльныя перамены», — напісала ў Threads адна з гродзенак. Яна аказалася не адзіная ў сваёй адзіноце на Новы год.

«Я таксама адна першы раз на Новы год, норм, штосьці новенькае», — напісала ёй адна дзяўчына ў каментарах. Іншая дадала, што будзе таксама адна і ў навагоднюю ноч пойдзе на ёлку, а потым будзе глядзець навагоднія мульцікі. «Выдатны выбар», — адрэагавала аўтарка допісу.

Іншы карыстальнік падзяліўся сваім досведам: «Мінулы Новы год сустракаў адзін — так сабе годзік выдаўся. Так што знайдзіце сабе хоць каго-небудзь».

«Часам і адной лепш, парай незнаёмыя бліжэй за родных, па бакальчыку і насустрач прыгодам. Я стаміўся ад Гродна, да зямлі цягне», — напісаў яшчэ адзін гродзенец.

Дзяўчына адказала, што заўважыла: вельмі шмат тых, хто сустракае Новы год у адзіноце, і ёй ад гэтага сумна. Ёй адказалі, што гэта толькі адзін вечар. Многія самі выбралі нікуды не ісці і застацца адныя.

“Нейкі трэнд гэтага году”. Гродзенцы (і не толькі) распавялі ў сацыяльных сетках пра тое, як сустракалі Новы год сам на сам
Фота: pexels.com, носіць ілюстрацыйны характар

Бутэлька каньяку, сервелат і сок: меню на аднаго

Яшчэ адзін гродзенец напісаў у Threads, што таксама сустракае Новы год у адзіноце: «Сіджу ў вёсцы пад Гроднам. На Новы год вызначыў сабе бутэльку каньяку і сок, сервелат, сыр, хлеб, селядзец, і гэтага дастаткова аднаму, бадай».

Каментатары віншавалі аўтара з Новым годам і адзначалі, што «бывае, што і аднаму трэба пасядзець, у вёсцы». Іншыя запрашалі далучыцца да іх. Нехта напісаў: «Не сядзі адзін. Бяры ўсё гэта і ідзі да суседзяў. Павер майму досведу».

У іншых галінах Threads гродзенка пісала, што пойдзе адна сустракаць Новы год у «Мяту», нехта шукаў праз сацсетку кампанію і сяброў на вечар, а нехта — нават будучую жонку.

“Нейкі трэнд гэтага году”. Гродзенцы (і не толькі) распавялі ў сацыяльных сетках пра тое, як сустракалі Новы год сам на сам
Фота: pexels.com, носіць ілюстрацыйны характар

Свята ў адзіноце ў эміграцыі

Яшчэ адзін беларус з Варшавы дзяліўся думкамі пра сустрэчу свята ў адзіноце:

«Шмат бачыў у Трэдс паведамленняў, што людзям няма з кім сустракаць Новы год. Думаў, што такога не можа быць. А ў выніку — і сам застаюся без кампаніі. Усе сябры жадаюць застацца дома і пабыць у адзіноце. А як жа я? Няўжо я сам буду?»

Каментатары дзяліліся сваімі гісторыямі: «Няма ўжо адчування свята. Нешта страцілася, згубілася, згарэла. Няма той прыемнай мітусні перад святам. Зімы сапраўднай, а не гэтай надвор’евай гістэрыкі. Ды і хваінку не хочацца псаваць. Дарэчы, і паху ўжо таго няма, які некалі быў у елак. Відаць, праўда, што дарагую цану мы заплацілі за ўсю гэтую цывілізацыю, лічбавую тэхналогію, за багацце ў крамах: душамі ачарсцвелі, расчалавечыліся… Таму і так сумна ўсё. Развучыліся весяліцца. А сягоння сапраўдная радасць толькі ў дзяцей», — напісаў адзін з каментатараў.

Іншы карыстальнік падзяліўся тым, што тры гады сустракаў Новы год і дзень нараджэння ў адзіноце. Нехта правёў вечар на відэасувязі з роднымі, паеў і пайшоў спаць.

«Як пачытаю, то нейкі трэнд гэтага году», — напісала яшчэ адна карыстальніца.