Больш за 38 тысяч жыхароў Гродна ў 2025 годзе перайшлі на электронныя паведамленні аб аплаце жыллёва-камунальных паслуг, паведамляе тэлеканал «Гродна Плюс».
Электронныя жыроўкі дазваляюць атрымліваць квіткі адразу пасля налічэння камунальных плацяжоў, адзначаюць спецыялісты Адзінага інфармацыйнага разлікова-касавага цэнтра. Апавяшчэнні прыходзяць на электронную пошту і цалкам адпавядаюць папяровым версіям. Таксама пры такім фармаце ў любы момант можна праверыць налічэнні і параўнаць выдаткі за розныя перыяды.
Да таго ж, электронныя жыроўкі — гэта эканомія паперы. Каб папулярызаваць электронныя жыроўкі, у лістападзе і снежні 2025 года гродзенцам рассылалі смс-паведамленні з інфармацыяй аб магчымасці перайсці на іх, а таксама праводзілі інфармацыйныя сустрэчы.
Як перайсці на электронную жыроўку
Да папяровых паведамленняў падколаты бланкi заяў аб пераходзе, якія можна запоўніць і падаць у разлікова-даведачны цэнтр.
Такіх цэнтраў у Гродне пяць: вул. Савецкіх Пагранічнікаў, 51/1 (РДЦ №1), вул. Агінскага, 50 (РДЦ №2),праспект Касманаўтаў, 37 (РДЦ №3),вул. БЛК, 47 (РДЦ №4),вул. 1 Мая, 30 (РДЦ №5).
Таксама можна адправіць фатаграфію запоўненай заявы на электронную пошту АІРКЦ. Пасля гэтага спецыялісты перавядуць вашу папяровую жыроўку ў электронную версію.
Электронныя жыроўкі ў Гродне спрабавалі ўкараніць яшчэ 7 гадоў таму
Дарэчы, эксперымент па ўкараненні электронных жыровак у Гродне пачаўся яшчэ ў 2018 годзе ў межах экалагічнага праекта «Э-фактура — высокая культура». Тады электронныя квіткі пачалі рассылаць па жаданні плацельшчыкаў. Да праекта далучыліся 17 жыллёвых кааператываў, пры гэтым паведамлялася, што колькасць карыстальнікаў паступова павялічвалася.
Па стане на 2018 год у сярэднім штомесяц на друк жыровак для Гродна расходавалася каля 400 кілаграмаў паперы, што каштавала прыкладна 2 тысячы рублёў.



