Дом на вуліцы Васілька, 10 рэканструююць пад апарт-гатэль паводле праекту кампаніі «Інтэлстак інжынірынг». У Instagram фірмы апублікавалі фота адноўленых дзвярэй, якім больш за сто гадоў.

«Выдатная праца майстра па аднаўленні існуючых дзвярэй», — напісалі ў Instagram кампаніі. 

Адновяць балкон і захаваюць маштаб: планы рэканструкцыі дома

Аб рэканструкцыі былога скуравенералагічнага дыспансера на Васілька, 10 пад апарт-гатэль стала вядома у красавіку 2023. Паводле справаздачы ацэнкі ўплыву на навакольнае асяроддзе, пры рэканструкцыі планавалі захаваць маштаб будынка і ўлічыць стылявую асаблівасць забудовы вакол.

Частку цаглянага фасада павінны ачысціць пескаструям, а дзверы ў карпусах 10 і 10/1 адрэстаўраваць. Аднапавярховую прыбудову да галоўнага корпуса планавалі знесці, а згублены на галоўным фасадзе балкон – аднавіць.

Таксама планавалі правесці капрамонт, замяніць дахі і вадасцёкі, прыбраць старую тынкоўку.

Унук уладальніка хацеў, каб дом аднавілі ў першапачатковым выглядзе

Будынак на Васілька, 10 таксама вядомы пад назвай дом Варашыльскага. Яго пабудавалі ў 1891 годзе. Пасля прыходу савецкай улады ў Гродна дом Варашыльскіх нацыяналізавалі, былы ўладальнік стаў галоўным урачом сваёй былой клінікі.

У розны час тут знаходзіўся радзільны дом, дзіцячая бальніца, розныя аддзяленні абласной бальніцы, скурна-венералагічны дыспансер. У студзені 2018 года дыспансер пераехаў у будынак былой чыгуначнай бальніцы па вуліцы Будзёнага. З таго часу будынак на Васілька пуставаў.

Будынак вырашылі прадаць у лістападзе 2018 года. Дом уздоўж вуліцы Васілька і прылеглую тэрыторыю ацанілі тады ў 700 тысяч рублёў ($350 тысяч). Гарадскія ўлады разглядалі магчымасць размясціць у будынку на Васілька хоспіс для анкахворых.

Унук уладальніка – Фелікс Варашыльскі – распавядаў Hrodna.life, што дом варта аднавіць у яго першапачатковым выглядзе: вярнуць балконы, ганак і сад.

У 2019 годзе дабрачынная арганізацыя «Карытас» прапаноўвала адкрыць там пансіянат для пажылых людзей з падвышаным узроўнем камфорту. Ішлі перамовы з інвестарамі з Нямеччыны і Аўстрыі. Гарадскія ўлады падтрымалі ідэю, казалі тады ў арганізацыі.

Ідэю не рэалізавалі. Пасля двух гадоў прастою горад нарэшце выставіў комплекс будынкаў былога скурвендыспансера на аўкцыён у 2020 годзе. Усе аб’екты (№ 10, № 10/1-№ 10/5) выставілі на продаж у сакавіку адным лотам і ацанілі амаль у 1,4 млн руб ($ 530 тыс.). Пакупнік не знайшоўся.

У выніку ў ліпені 2020 года комплекс будынкаў выкупіла на аўкцыёне кампанія “Белбурбуд”. Кошт склаў 900 тыс. руб ($375 тыс.).

Чытайце таксама: У гродзенскім Новым Свеце адрэстаўравалі драўляныя дзверы. Што не так?