Павысілі гродзенскага суддзю Дзмітрыя Бубенчыка, які з 2014 года ўключаны ў санкцыйныя спісы ЕС і Канады за палітычна матываваныя прыгаворы. Цяпер ён будзе працаваць у Вярхоўным Судзе. Ратацыю ў судовай сістэме правёў Лукашэнка, ён замацаваў гэта ўказам прэзідэнта ад 20 снежня 2025 года. Спіс з павышэннем суддзяў з’явіўся на партале Pravo.by.
Бубенчык і Валдайцаў пайшлі на павышэнне
Дзмітрыя Бубенчыка вызвалілі ад пасады суддзі Гродзенскага абласнога суда. На гэтую пасаду яго бестэрмінова прызначылі ў кастрычніку 2025 года. Цяпер ён будзе працаваць у Вярхоўным Судзе.
Таксама ў Вярхоўны Суд працаваць пайшоў былы старшыня эканамічнага суда па Гродзенскай вобласці Дзяніс Валдайцаў.
Чым вядомы суддзі, якія пайшлі на павышэнне?
Бубончыку 40 гадоў, ён працаваў у Гродзенскім міжгарнізонным ваенным судзе, пасля – у судзе Ленінскага раёна горада, а з ліпеня 2020 года – у абласным судзе.
За прысуды па “палітычных” артыкулах яшчэ з 2014 года ён уключаны ў санкцыйныя спісы Еўразвяза і Канады. У 2023 годзе ён другі раз патрапіў пад санкцыі Еўразвяза. Таксама супраць Бубенчыка асобна ўвяла санкцыі Польшча.
У лютым 2023 ён асудзіў журналіста і аднаго з лідэраў Саюза палякаў Анджэя Пачобута на 8 гадоў калоніі. Бубончык шмат гадоў выносіць рашэнні і прыгаворы па палітычных справах. У 2014 ён аштрафаваў за ўлёткі ў падтрымку Украіны Вольгу Крапаціну (сёння гэта жонка палітвязня Дзяніса Івашына), у 2016 — праваабаронцаў і актывістаў Віктара Сазонава, Уладзіміра Хільмановіча і Сяргея Верамеенку за акцыю памяці паўстанцаў 1863 года.
У 2017 – судзіў удзельнікаў маршаў «тунеядцаў». З таго часу ў Бубенчыка не было ні года без палітычна матываваных справаў. У 2022 ён не менш як дзевяць разоў быў суддзёй па палітычных справах — большасць яго падсудных атрымалі па некалькі гадоў калоніі. Сярод асуджаных – жыхар Слоніма, якога затрымалі за каментары аб пратэстах у Казахстане.
Таксама ў 2024 годзе ён завочна вынес прыгавор па справе былой дырэктаркі дзіцячага хоспіса ў Гродне Вольгі Вялічкі і прызнаў яе вінаватай па шэрагу крымінальных артыкулаў, прызначыўшы ёй дзевяць гадоў калоніі агульнага рэжыму, а таксама штраф у памеры 12 тыс. руб.
Валдайцаў у палітычных рашэннях не быў заўважаны.
Каго яшчэ павысілі?
Цяпер эканамічны суда па вобласці ўзначальвае Эдуард Кароль. Таксама ён пяць гадоў будзе займаць пасаду судзьдзі. Аб яго прызначэнні Hrodna.life пісаў раней.
Чытайце таксама: Што вядома аб новым старшыні эканамічнага суда ў Гродзенскай вобласці Эдуардзе Карале





