Гараджаніну, які жыве ў інтэрнаце на Дамброўскага, 23, затапіла кватэру. Па словах мужчыны, ад ціску і частага адключэння вады лопнуў змеявік – заліло ўсе пакоі. “Я цалкам страціў дом”, — паведаміў у TikTok беларус. Дзяржаўнае медыя “Гродна Плюс” адрэагавала на ролік у рубрыцы “Антыфейк”.
“Затапіла нафіг — усім пофігу”
Серыя ролікаў ад карыстальніка Fill_Dagger з’явілася 24 снежня. У першым відэа гараджанін паведамляе, што яго “затапіла, усім тэлефанаваў, усім пофігу”.
На другім відэа бачныя наступствы патопу – вада заліла ўсе пакоі. Беларусу прыйшлося вынесці халадзільнік з кватэры, пральная машынка і падлога пашкоджаны.
«Усяму канец, затапіла нафіг. Усяму дому канец, мэблі канец, ламінату канец. Я рабіў рамонт – усё. І ўсім пофігу. ЦАДС (Цэнтральная аварыйна-дыспетчарская служба — Hrodna.life) сказаў чакайце да заўтра», — распавёў у TikTok беларус.


Рамонт у інтэрнаце рабілі за свой кошт, але трубы не мянялі
У каментарах аўтар відэа мяркуе, што аварыя адбылася з-за трэснутага змеявіка. Піша, што ён мог лопнуць ад “ціску і частага адключэння вады”. Таксама дадае, што трубам больш за 50 гадоў і, верагодна, “адбыўся натуральны знос”.
Беларуса таксама абураюць дзеянні ЦАДС. Рамонт у кватэры рабілі за свой кошт, трубы вырашылі не мяняць. «Усё роўна мы вінаватыя. Ужо не даказаць віну і атрымаць шкоду (не атрымаць кампенсацыю за шкоду — Hrodna.life).Каб людзі ведалі, што адбываецца ў інтэрнатах, які абыякавы ЦАДС», – напісаў беларус.
Версія ЦАДС: змеявік абарваўся, таму што не быў замацаваны
«Гродна Плюс» адрэагавала на ролікі гараджаніна 24 снежня, выпусціўшы матэрыял у рубрыцы «Антыфейк». Па версіі медыя, паведамленне аб аварыі ў інтэрнаце на Дамброўскага паступіла 23 снежня ў 23:12. “Ужо ў 23:19 спецыялісты прыбылі па адрасе”, — пракаментавалі сітуацыю ў Цэнтральнай аварыйнай дзяжурна-дыспетчарскай службе. Запіс размовы не паказалі.
Спецыялісты ўстанавілі, што прычына патопу – у абрыве сушыцеля для ручнікоў у ваннай. Ён абарваўся, бо не быў прымацаваны да сцяны. З-за вібрацыі ад вады нагрузка лягла на разьбовыя злучэнні труб, якія не былі на гэта разлічаны.
“Адзначым, што мацаванні былі дэмантаваныя самім аўтарам роліка або найманымі ім майстрамі падчас аддзелачных работ у кватэры. Гэта можна заўважыць і на відэа, якое мужчына публікаваў у сябе ў профілі ў TikTok падчас рамонту”, — піша “Гродна Плюс”.
Медыя мяркуе, што беларус «здорава зганьбіўся», апублікаваўшы відэа.
Інтэрнат унеслі ў графік капрамонтаў год таму
Інтэрнат на Дамброўскага, 23 унеслі у графік капрамонтаў на 2024 год. На рамонт вылучылі 47 тыс. руб.
“Цяпер праходзіць капрамонт будынка, крыху не паспелі памяняць нам трубы”, – падсумаваў у каментарах беларус.
Чытайце таксама: У доме на Дзевятоўцы з-за ліўняў затапіла кватэры на дзевяці паверхах



