Гродзенскі рэстаран сушы Punk Roll аднаўляе працу з 24 снежня – пра гэта ў сваім Instagram паведамілі ўладальнікі. У канцы лістапада ўстанова закрывалася, не паведамляючы аб прычынах. У сацсетках гродзенцы скардзіліся на атручэнні.
«Ну, добры дзень. Мы аднаўляем нашу працу сёння з 13:00», – напісалі ў Instagram уладальнікі 24 снежня.


З канца лістапада ўстанова была закрытая «па тэхнічных прычынах», пра гэта паведамлялася ў сацсетках і на сайце рэстарана. Прычыны закрыцця ўладальнікі не ўдакладнялі.
Гродзенцы: “У бабулі нейкая інфекцыя”
У канцы лістапада ў Threads гродзенцы актыўна абмяркоўвалі Punk Roll — скардзіліся на атручванні пасля замоўленых сушы.
«Прачытала ўчора ў адной гродзенскай блогеркі, што яна і яе сям’я атруціліся роламі з Punk Roll. Аказалася, што ў бабулі нейкая інфекцыя», — напісала гродзенка Катерина.
«Мы з дзяўчынай атруціліся на гэтых выходных пасля панкрола, дзяўчына ў шпіталі», – распавёў vadimchela.
«Муж травануўся там жа вось на днях. Больш у панкі ні нагой», – дадае _vvvviki_.
Карыстальніца пад нікам kosyakova_n выказала здагадку, што праблема з атручваннямі звязана з памылкай пастаўшчыка. Нібыта ўстанове паставілі няякасны прадукт.
«Там пытанне з яйкамі. Рабяты замаўляюць заўсёды памыты прадукт, але высветліліся падрабязнасці, што заказчык быў несумленны з імі і ў гэты раз выйшла зусім не вельмі», – напісала карыстальніца.
У астатніх каментарах гродзенцы адзначалі, што ў іх ніколі не ўзнікала праблем з прадукцыяй з Punk Roll. Акрамя таго, “атруціцца можна дзе заўгодна”. Маўляў, установа з усімі пацярпелымі на сувязі і хутка раскажа пра тое, што адбылося. Але ў выніку рэстаран адкрыўся, апусціўшы падрабязнасці.
____________________________
Установа на Вялікай Траецкай адкрылася у красавіку 2022. Фокус зрабілі на паназіяцкай кухні. Кіраўніком Punk Roll стаў Сяргей Махаўцоў, які таксама працаваў шэф-кухаром у кафэ “Веранда” і “Ли”.
Чытайце таксама: Уладальнікі кафэ ў Гродне змагаюцца з хітрунамі, якія маніпулююць зніжкамі



