Большасць грузавікоў, якія раней застралі ў Беларусі, ужо вярнуліся да працы і зноў курсіруюць паміж дзвюма краінамі. Пра гэта заявіла прэм’ер-міністр Літвы Інга Ругінене. Паводле яе слоў, невялікая частка транспарту ўсё яшчэ застаецца на тэрыторыі Беларусі, аднак літоўскія ведамствы працягваюць працу па іх вяртанні, паведамляе літоўскае выданне Delfi.
«У нас ёсць інфармацыя, што значная колькасць грузавікоў ужо працуе і перасякае мяжу. Невялікая колькасць па-ранейшаму знаходзіцца ў Беларусі, мы займаемся гэтым пытаннем, сітуацыя вырашаецца паступова», — сказала Інга Ругінене журналістам у аўторак у літоўскім Сейме.
Шары з кантрабандай больш не лятаюць
Таксама Інга Ругінене заявіла, што паток паветраных шараў, які некалькі тыдняў перашкаджаў працы Вільнюскага аэрапорта, зараз спыніўся. Паводле яе слоў, гэта стала вынікам амерыканскай дыпламатыі, а таксама падрыхтоўкі і скаардынаванай працы літоўскіх ведамстваў.
Яна не выключае, што падобныя пагрозы могуць узнікаць і ў будучыні, аднак за апошні час літоўскія дзяржаўныя структуры, па яе словах, адаптаваліся да новых умоў: былі зменены алгарытмы працы і прыняты дадатковыя меры бяспекі.
Нагадаем, Кабінет міністраў Літвы закрыў мяжу з Беларуссю 26 кастрычніка. Прычына — аэрастаты з цыгарэтамі, якія запускаюць кантрабандысты. Праз тры дні ўлады суседняй краіны абвясцілі, што абмежаванні працягнуцца як мінімум месяц — да 30 лістапада — але з выключэннямі для асобных катэгорый падарожнікаў. Цалкам спыніў працу пункт пропуску Шальчынінкай — Беняконі. У той жа час на тэрыторыі Беларусі пасля закрыцця двух пунктаў пропуску застралі больш за 1200 літоўскіх фур. Бакі спрабавалі вырашыць «грузавы крызіс», але сітуацыя толькі абвастралася.
20 лістапада Літва датэрмінова адкрыла два пункты пропуску, але літоўскія грузавікі ўсё роўна заставаліся ў Беларусі. Па стане на 10 снежня ў Беларусі заставалася 1880 літоўскіх цягачоў і 2500–3000 паўпрычэпаў. Крыху пазней у Беларусі заставалася 185 літоўскіх фур. Літоўская асацыяцыя «Лінава» праводзіла ў Вільні акцыю пратэсту ў сувязі з сітуацыяй на мяжы, заклікаючы ўрад прыняць рэальныя меры і вярнуць грузавікі.



