Будынак па вуліцы Студэнцкай, 6, размешчаны непадалёк ад сабора і рэстарана «Вуглі», пераўтвораць у гатэль пад назвай Mascaron Heritage. Назва адсылае да дэкаратыўнага рэльефу на фасадзе будынка: маскі льва — маскарона, які ўпрыгожвае дом.

Разам з невялікай суседняй пабудовай будынак выстаўлялі на аўкцыён у 2022 годзе. Пачатковая цана складала 930,6 тыс. рублёў (каля $372 тыс.). У 2023 годзе яго прадалі ўдвая танней. Мяркуючы па ўсім, комплекс набыла гродзенская кампанія па арэндзе апартаментаў mascaron.by.

Цяпер, суб’ектыўна па допісах у Instagram кампаніі, пачалася рэстаўрацыя будынка. У акаўнце Instagram адзначаюць:

«Гэты будынак — наш новы праект. Будучы гатэль Mascaron Heritage у гістарычным цэнтры Гродна. Цяпер — цішыня, сцены і час. Наперадзе — беражлівая рэстаўрацыя, будаўніцтва і нараджэнне новага месца для жыцця і падарожжаў. Мы будзем паказваць шлях: як гістарычны дом крок за крокам ператвараецца ў гатэль, як прымаюцца рашэнні, як захоўваецца яго характар і ствараецца камфорт».

Раней паведамлялася, што «дом з ільвамі» будзе пераабсталяваны пад міні-гатэль на 16 нумароў з закрытай тэрыторыяй. Цяпер, калі верыць кадрам відэа кампаніі, унутры будынка захаваліся старая лесвіца і аўтэнтычная плітка на падлозе. У самім доме сцены ўжо расчысцілі да цэглы.

Гісторыя будынкаў

Дом №6 — той самы «дом з ільвамі» — пабудаваны ў 1906 г. (паводле іншых звестак — у 1905), сказана ў выданні «Біяграфія гарадзенскіх вуліц». У дакументах аўкцыёну пазначаны 1925 год пабудовы. Двухпавярховы будынак строга сіметрычны, парадны ўваход — у цэнтры.

Выразнасць афармлення фасадаў дасягнута спалучэннем неатынкаваных цагляных сценаў і афарбаваных у белы колер карнізных цяг, пілястраў і аконных ліштваў, а таксама выкарыстаннем каваных рашотак парапета ў выглядзе пераплеценых змей.

Першым уладальнікам дома быў грузінскі князь, прадстаўнік найстаражытнейшага роду Уладзімір Георгіевіч Чалакаеў. Ён служыў у адным з палкоў расійскай імператарскай арміі, які як раз дыслацыраваўся ў Гродне. Менавіта пры ім з’явіўся дом з маскаронам ільва на фасадзе.

У 1930-я гады ў тарцы правага крыла прыбудавалі асобны ўваход для прыёму пацыентаў, бо дачка ўладальніка дома, Ніна, выйшла замуж за гродзенскага лекара Рыгора Алшыбая. Доктар вёў практыку тут жа ў доме. Другі паверх быў адведзены пад жылыя пакоі.

Паводле легенды, адзін з гаспадароў камяніцы загінуў ад уласнага аўтамабіля ў гаражы: ручка стартара спружыніла і ўдарыла яго па галаве.

У 1950-х гадах будынак аддалі пад «Дом малюткі», а пасля — пад станцыю пералівання крыві.

Дом №4 Дом №4 — невялікі будынак побач — пабудаваны ў пачатку ХХ ст. (паводле дакументаў аўкцыёну — у 1910 г.). Гэта невялікая аднапавярховая цагляная пабудова амаль правільнай кубічнай формы — узор позняй эклектыкі. Мясцовыя жыхары называлі яго «дом суддзі», хоць насамрэч тут жыў адвакат. Пасля там размяшчалася рэгістратура станцыі пералівання крыві.

Пабудовы прызналі гісторыка-культурнай каштоўнасцю. Саму вуліцу назвалі Студэнцкай у 1931 г. у гонар студэнтаў розных навучальных устаноў Антонія Тызенгаўза, якія адкрыліся ў горадзе ў другой палове XVIII ст.