Пра спробу вярбоўкі распавёў палітвязень і сябра незалежнага прафсаюза «Гродна Азот» Максім Сенік. Адбываючы заключэнне, ён зарабіў запаленне мачавога пузыра. У Літве 22 снежня прайшла прэс-канферэнцыя з удзелам палітвязняў, якіх вывезлі з Беларусі ва Украіну 13 снежня.
Пра вярбоўку: “Прапанавалі, каб я ехаў за мяжу і збіраў інфармацыю”
Адказваючы на пытанне журналістаў, Максім расказаў аб вярбоўках. Завербаваць беларуса спрабавалі ў КДБ, калі яго “толькі саджалі”.
— Спачатку яны прапанавалі, каб я нібыта працаваў на іх – я катэгарычна адмовіўся. Прапаноўвалі, каб я ехаў за мяжу, збіраў інфармацыю і зліваў ім. На наступны дзень перад выездам у ІЧУ (ізалятар часовага ўтрымання — Hrodna.life) яны яшчэ раз прапанавалі, я падумаў і кажу: “Добра, буду”. Але думаў зрабіць гэта з мэтай знікнуць у Польшчы – няхай далей шукаюць дурня.
Максім кажа, што супрацоўнікі КДБ яму не паверылі. Ён з самага пачатку ведаў, што “нічога не атрымаецца”.
Аб умовах зняволення: “Камеры ў вельмі дрэнным стане, сцены – жах”
Максім правёў у ШІЗА (штрафны ізалятар) чатыры месяцы, у ПКТ (памяшканні камернага тыпу) – год. Беларус адзначае, што і ў ШІЗА і ПКТ яму было вельмі холадна.
— Нас утрымлівалі ў быдлячых умовах, прашу прабачэння, што так кажу. Самі камеры ў вельмі дрэнным стане, сцены – проста жах. Стаўленне да нас як да быдла.
Аб працы: «Там у іх усё павязана»
Частку тэрміна беларус адбываў у бабруйскай ПК-2. Па словах Максіма, у калоніі ёсць праблемы з тэхнікай бяспекі.
— У чалавека з 20-га атрада два пальцы ампутавалі. Таксама я працаваў на гуме — даюць абцугі, каб ірваць корт, абцугі ў вельмі дрэнным стане. У акулярах працаваць немагчыма – ты ў іх нічога не бачыш, як крот. Хутчэй пакалечышся. А без іх таксама нельга, бо ходзяць і правяраюць.
Максім дадаў, што адпрацаваную гуму скідаюць у трактары з другіх паверхаў. Пры гэтым матэрыял можа адскочыць і патрапіць у чалавека, але ніхто за гэтым не сочыць.
— Правяраючыя прыязджаюць – пляваць на ўсё. Там у іх усё павязана. Стаўленне быдлячае не толькі да «палітыкаў» (палітвязняў— Hrodna.life), а да ўсіх.
Максім пацвердзіў, што зняволеныя вырабляюць прадукцыю для расійскіх вайскоўцаў. Афіцыйна дзейнасць прыкрываюць вытворчасцю для беларускага войска.
— Гэта робіцца пад прыкрыццём. Прыязджае фура, грузяцца скрыні даўжынёй недзе два метры. Гэта чыста для снарадаў, я так разумею. Яшчэ вырабляюць вялікія квадратныя скрыні – яны як быццам рыхтуюцца для куль. Куды гэта ўсё сыходзіць, зразумела. Але нібыта замаўляе не Расія, а беларускі бок.
Пра катаванні: “Мяне білі, не давалі спаць”
Максім адзначае, што ён храпіць. За гэта яго білі і не давалі спаць. Беларусу паставілі ўмову: альбо спіць ён, альбо ніхто.
— Сэрца прыняло ўмову, што я не буду спаць, а ўсе будуць. Мяне перавялі ў іншы атрад – там пачалося тое самае. Толькі мяне не білі, а палівалі вадой з бутэлькі. Здымалі коўдру, хавалі, каб я не мог спаць – як ты паспіш у холадзе.
Пасля, па словах Максіма, ён пачаў прасіцца ў ШІЗА і ў ПКТ. Але і там аказалася холадна – мужчына мяркуе, што тады ён застудзіў мачавы пузыр.
— Пачаў хадзіць пад сябе – гэта адбываецца дагэтуль. Са здароўем не ўсё ў парадку.
Максім таксама адзначыў, што артыкул 411 КК (“злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы») — «бясконцы». Гэта значыць, што сілавікі могуць пастаянна ўжываць яго да зняволеных, тым самым павялічваючы тэрмін знаходжання ў турме.
Аб вызваленні: удзячны ЗША і Украіне
Максім падзякаваў адміністрацыі ЗША, Уладзіміру Зяленскаму і «ўсім, хто прымаў удзел у вызваленні».
Павінен быў выйсці ў жніўні 2027
Па інфармацыі праваабарончага цэнтру “Вясна”, Максіма затрымалі ў студзені 2022 за ўдзел у акцыях пратэсту, а таксама за рэпосты ў сацыяльных сетках.
Мужчыну ўтрымлівалі ў гродзенскім СІЗА. Пасля яго абвінавацілі па артыкулах 368 ч. 1 (“абраза Аляксандра Лукашэнкі”) і ч. 1 арт. 361-4 і ч. 1 арт. 361-2 («садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці»).
Максіму прысудзілі пазбаўленне волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму тэрмінам на чатыры гады – прысуд вынеслі ў чэрвені 2023. Беларус пачаў адбываць тэрмін у жніўні 2023 у турме №1, пасля яго перавялі ў ПК №2.
Максім выйшаў на волю 13 снежня 2025 года пасля перамоваў амерыканскай дэлегацыі з Лукашэнкам.
Чытайце таксама: У Гродзенскай вобласці вызвалілі 13 палітвязняў. Вось хто гэта



