У аграгарадку Войстам, што непадалёк ад Смаргоні, закрылі сельскі клуб. Мясцовыя жыхары хацелі б, каб яго зноў адкрылі, але ўстанову «аптымізавалі», а ўсё культурнае жыццё перанеслі ў базавую школу.
З пытаннем аб магчымым аднаўленні працы клубнай установы вяскоўцы звярнуліся ў раённую газету «Светлы шлях». У Войстаме пражывае каля 200 чалавек, і, мяркуючы па ўсім, сельскі клуб карыстаўся папулярнасцю ў жыхароў.
Напрыклад, напярэдадні новага 2023 года тут праходзіла навагодняя забаўляльная праграма. Пра мерапрыемства справаздачыўся Смаргонскі раённы цэнтр культуры. Тады ў імпрэзе ўдзельнічалі амаль 50 чалавек.
Сельскі клуб не вернуць
Начальніца аддзела культуры райвыканкама Таццяна Ражава распавяла, што ўстанова культуры ў Войстаме «аптымізавана», гэта значыць закрыта, і аднаўляць працу не будзе.
Войстамская сельская бібліятэка, якая раней размяшчалася ў будынку клуба, пераехала і цяпер знаходзіцца ў будынку Войстамскай базавай школы. Там жа будуць праводзіць і розныя культурныя мерапрыемствы. Гэтым будзе займацца аддзел нестацыянарнага абслугоўвання дзяржаўнай установы культуры «Смаргонскі раённы Цэнтр культуры» паводле зацверджанага графіку.
Гэта азначае, што работнікі будуць прыязджаць у аграгарадок з канцэртна-забаўляльнымі праграмамі. Найбліжэйшая — «Время волшебства», прымеркаваная да Калядаў і Новага года, адбудзецца 27 снежня.
Жыхары ўзгадваюць клуб і шкадуюць аб закрыцці
Калі менавіта клуб спыніў працу, не ўдакладняецца. Аднак паводле каментарыяў на анлайн-картах можна выказаць здагадку, што адбылося гэта ў бягучым годзе. Ва ўстановы ўсяго два каментарыі, і яны тычацца закрыцця клуба.
«Закрылі выдатную ўстанову. Дзякуй Смаргонскі РВК. Адміністрацыя прэзідэнта яшчэ не ўнікла, які аграгарадок вы зрабілі для моладзі», — напісаў у канцы красавіка гэтага года карыстальнік Сяргей.
«Добрае месца… Было. Адпачываў там неяк з кентамі, мітусня была, што не перадаць словамі. Кяпска, што закрылі, так бы і далей там тусіў», — напісаў у траўні гэтага года Багдан.
Зараз у аграгарадку, акрамя школы, працягвае працаваць толькі музей.
Дарэчы, сёлета ў Гродзенскай вобласці, як паведамляў начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення Гродзенскага аблвыканкама Павел Ашурык у часопісе «Фінансы. Улік. Аўдыт», планавалася рэарганізаваць 3 установы адукацыі і 2 установы культуры, а 4 установы адукацыі — закрыць.
«Дадзеныя мерапрыемствы дазволяць скараціць да 200 штатных адзінак», — адзначаў тады ён.



