Гісторык і экскурсавод з Гродна Павел Махінаў склаў гайд па каве з лакальным смакам і водарам. У яго ўвайшлі напоі з розных гарадоў Беларусі — сярод іх гродзенскія «Кава святога Губерта», «Кава Радзівілаў», слонімская кава «па-графску» і навагрудская кава «па-венску».

«Вандруючы па Беларусі апошнія гады, стараюся прадэгуставаць каву, кававыя напоі з лакальным водарам і смакам. Не заўжды праўда атрымоўваецца зрабіць відэагляд, але… Гэты coffee guide (VOL.1) — падсумаванне гэтых падарожжаў. У яго ўвайшлі 19 напояў, у назве ці рэцэптуры якіх “смакуецца” вайб места: гісторыя, людзі, падзеі, з’явы», — напісаў Павел у сваім Instagram-акаўнце.

Лакальныя кававыя напоі ў Гродне

Сярод гродзенскіх напояў Махінаў адзначае «Каву святога Губерта» і «Каву Радзівілаў» з кавярні «Джэзва».

«Кава святога Губерта» з’явілася ў установе ў мінулым годзе. Акрамя кавы, у склад напою ўваходзяць Jägermeister, спецыі і альтэрнатыўнае малако. Выбар травянога лікёру сімвалічны: на бутэльцы Jägermeister намаляваны алень з крыжам паміж рогамі — менавіта такі алень, паводле легенды, з’явіўся святому Губерту, заступніку паляўнічых. Той жа сімвал прысутнічае на гербе Гродна.

Таксама ў спіс увайшлі гродзенскія напоі:

  • «Кава па-паўстанцку» — кава з перцам і самагонам; «Кава па-дармаедску» з кавярні Soul Coffee — спалучэнне кавы, какосавага сіропу, вяршкоў і шакаладу;
  • «Кава „Тры каралі“» — шот з трох алкагольных напояў, названая ў гонар Вітаўта, Стэфана Баторыя і Аўгуста II;
  • «Кава па-венску» і «Кава „Шалом, Гродна“» з кавярні Doppio.
Кава Святога Губерта, Радзівілаў і каралёў. Гісторык з Гродна сабраў першы кававы гайд
Фота: pexels.com, носіць ілюстрацыйны характар

Кава з гісторыяй у Навагрудку

У Навагрудку можна пакаштаваць некалькі незвычайных відаў кавы, якія падаюць у розных кавярнях горада.

У кавярні «Kaviarnia AV» гатуюць фірмовую каву «Адама Міцкевіча» — напой, створаны паводле матываў настальгічных апісанняў з паэмы «Пан Тадэвуш».

Таксама ў Навагрудку падаюць каву «па-дамініканску» і каву «Saint Michel» — напоі, прыгатаваныя на пяску ў сценах касцёла Святога Міхаіла.

У кафэ «Маладзёжнае» прапануюць каву «Чорная кошка», створаную паводле матываў фільма «Месца сустрэчы змяніць нельга». Бо Уладзімір Высоцкі бываў на Навагрудчыне і спыняўся ў мясцовай гасцініцы.

А ў карціннай галерэі мастака Кастуся Качана можна заказаць каву «па-венску» — класічны варыянт у венскім стылі.

Чытайце таксама: Вялікі гайд па кавярнях у цэнтры Гродна

Кававыя напоі з іншых гарадоў Беларусі

У гайд ўвайшлі таксама напоі з розных рэгіёнаў:

  • Кава «па-графску» — са слонімскай сядзібы Пуслоўскіх.
  • Кава «па-гетманску» — з рэстарана «Гетман» у Нясвіжы.
  • Кава «Белая панна» — латэ з лікёрам з кафэ «Батлейка» ў Нясвіжы.
  • Кава па-пінску — фірмовы напой ад пінскай кавярні «Залаты Колас».
  • Кава «Оскар» — з кафетэрыя «Цэнтральны» ў Мінску.
  • Рагачоўскі раф — з мінскай установы ZAVTRAKI на Зыбіцкай.
  • Кава Усяслава Чарадзея — з сядзібы-замка «Стары Менск».
  • «Кава „з духамі“» — з кулінарнай прасторы «Арт Ветка» ў Ветцы.

Карыстальнікі таксама рэкамендавалі запаяную каву ад кавярні CoFeCo і «Амерыкана з шышкамі» з кавярні «Наша месца», а ў Брэсце — «Каву ў ядомым стаканчыку».