Штогадовы кніжны фрымаркет пройдзе 20 снежня ў Цэнтральнай дзіцячай гарадской бібліятэцы. Акрамя абмену кнігамі, гродзенцаў чакаюць кніжныя актыўнасці для ўсёй сям'і і дабрачыннасць.
На кніжны фрымаркет можна прынесці кнігі, якія вы хочаце аддаць, ці якімі плануеце абмяняцца. Можна і проста ўзяць упадабаную кнігу. Мерапрыемствы пройдуць з 10.00 да 15.00.
- 10.00 — Інтэрактыўныя чытанні па кнізе М.Крысціны Батлер «Як Яжулька і яго сябры выратавалі Новы год» для дзяцей 4−5 гадоў.
- 11.00 — Тэатралізаваная пастаноўка па кнізе Свена Нурдкві «Як Фіндус згубіўся, калі быў маленькі» 6+
- 14.00 — Майстар-клас для ўсёй сям'і па вырабе навагодняга сувеніра.

У рамках фрымаркета пройдзе інфармацыйная кампанія ў падтрымку дзяцей з дыягназам булёзны эпідэрмаліз. Гэта рэдкае спадчыннае захворванне, пры якім скура і слізістая становяцца неверагодна далікатнымі і пакрываюцца бурбалкамі нават ад найменшай траўмы — трэння або расчоса. Такіх дзяцей называюць «дзецьмі-матылькамі», параўноўваючы іх з далікатнымі крыламі насякомага.
Таксама збяруць грошы на закупку спецыялізаванага харчавання, перавязачных матэрыялаў і спецсродкаў за сыходам скуры. У бібліятэцы ўжо стаіць скарбонка цэнтра «ПАРА», праз якую іх можна падтрымаць.
Чытайце таксама: Аўтарытарызм, кіберпанк і Акрэсціна. 6 кніг, якія трэба прачытаць для разумення Беларусі


