У гарадскім пасёлку Сапоцкін Гродзенскага раёна працягваецца расчыстка касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі і Святога Язафата Кунцэвіча пасля нядаўняга пажару. Зараз у храме, помніку архітэктуры XVIII стагоддзя, ідуць першасныя аднаўленчыя работы.

Храм загарэўся каля 7 гадзін раніцы 14 снежня, калі людзей у касцёле не было. Прыехала каля васьмі пажарных разлікаў МНС. На месцы працавалі 16 аўтамабіляў і амаль 50 пажарных з Гродна і Гродзенскага раёна. Да моманту прыбыцця ратавальнікаў дах храма ўжо быў у агні. Пажар патушылі, пацярпелых няма.

Паводле звестак МНС, агонь пашкодзіў дах і лачанне па ўсёй плошчы будынка. Закапціліся сцены, столя і ўнутраная аздоба. Пажарнай тэхніцы было цяжка пад’ехаць да касцёла. Аказалася, пажар пачаўся ў закрыстыі — падсобным памяшканні за алтаром. Агонь знішчыў усё, што там захоўвалася: кнігі, начынне, адзенне. Выяўляюцца прычыны пажару. Ёсць версія, што няправільна выкарыстоўвалі ацяпляльныя прыборы.

Вернікі спадзяюцца аднавіць храм да Раства

Да работ па аднаўленні касцёла падключыліся дзясяткі вернікаў, паведамляе тэлеканал «Беларусь 4. Гродна». Яны выносяць абгарэлыя канструкцыі, чысцяць сцены і элементы ўнутранага аздаблення ад сажы. Работа няпростая: трэба зняць і вынесці пашкоджаныя агнём лісты бляхі з даху храма з 25-метровай вышыні.

Для мясцовых жыхароў гэта ўжо не першае выпрабаванне: у 1991 годзе яны разам аднаўлялі храм пасля пажару і ўпэўненыя, што справяцца і гэтым разам.

«Падзея глыбока закранула сэрцы». У Сапоцкіне аднаўляюць касцёл XVIII стагоддзя пасля вялікага пажару: спадзяюцца паспець да Раства
Парафіяне пачалі аднаўляць храм. Скрын з відэа.

Вернікі спадзяюцца прывесці храм у парадак да Калядаў. «Калі Бог дасць, будзем святкаваць у касцёле. Калі не — у доме Карытас», — кажа пробашч храма Антоній Абухоўскі.

Зварот біскупа Гродзенскай дыяцэзіі

Пасля пажару са зваротам да вернікаў выступіў біскуп Гродзенскай дыяцэзіі Уладзімір Гуляй. Ён падзякаваў супрацоўнікам МНС, экстранным службам і ўсім, хто прыйшоў на дапамогу.

«Гэтая падзея глыбока закранула сэрцы вернікаў, бо гаворка ідзе не толькі пра матэрыяльную шкоду, але, перадусім, пра месца, дзе на працягу многіх гадоў і сёння гучыць малітва, дзе людзі сустракаюцца з Панам Богам і адно з адным», — гаворыцца ў звароце.