Урач-анколаг-лімфолаг Валерыя Аганесян будзе працаваць у Гродзенскім прафесарскім кансультатыўным цэнтры. Галоўная задача спецыялісткі - прадухіляць рызыкі лімфатычных ацёкаў у пацыентаў, якія лячыліся ад анкалогіі, піша «Вечерний Гродно».
Валерыя Аганесян тлумачыць, што асноўны аб’ект увагі ўрача-лімфолага — лімфатычная сістэма. Калі адбываецца збой у рабоце сістэмы, парушаецца адток лімфы. Як следства з’яўляецца хранічнае захворванне — лімфедэма.
Пры лімфедэме вадкасць назапашваецца ў мяккіх тканінах, з-за чаго з’яўляецца пастаянны ацёк — часцей за ўсё ў руках і нагах. Таксама гэта ўплывае на стан скуры — могуць з’явіцца язвы, пігментацыя і экзэмы.
Спецыялізацыю ўрача-лімфолага Валерыя атрымала ў Санкт-Пецярбургскім медуніверсітэце імя Паўлава. Спецыялістка адзначае, што «лімфедэма — цяжкая паталогія», але яе можна вылечыць.
— Нават пры запушчанай стадыі хваробы стан чалавека не безнадзейны, зрабіць можна вельмі шмат. Галоўнае, каб лячэнне было слушным. Своечасовая і прафесійная дапамога дазваляе кантраляваць ацёкі, аднаўляць рухомасць канечнасцяў, прадухіляць ускладненні, паляпшаць якасць жыцця і пазбягаць інвалідызацыі пацыентаў, — кажа Аганесян.
Чытайце таксама: «Вольнага паветра не хапала». Урач з Гродна збег ад пераследу — і цяпер шкадуе, што не з’ехаў з Беларусі яшчэ раней




