40-гадовы жыхар Слоніма Максім патануў у мясцовым ФАКу «Шчара» год таму. З таго часу яго маці і брат спрабуюць устанавіць прычыну смерці. Сям’я мяркуе, што адказнасць за няшчасны выпадак нясуць у тым ліку супрацоўнікі ФАКу, якія несвоечасова аказалі першую дапамогу, піша Onliner.by.

«Ён увесь час плаваў»

Праблемы са здароўем пачаліся ў Максіма ў пяцігадовым узросце, калі з-за запалёнага апендыкса ў яго здарыўся перытаніт. Хлопчыка прааперавалі, але пасля пачалася непраходнасць кішачніка — спатрэбілася яшчэ адна аперацыя.

— Каб пасля аперацый не было знітовак, урачы раілі сыну хадзіць плаваць у басейн. І вось з таго часу ён увесь час плаваў. І калі ў нас у некалькіх хвілінах ад дома адкрыўся новы ФАК, Максім стаў хадзіць туды пастаянна, — кажа маці загінулага Наталля.

«Сігналаў аб дапамозе не падаваў»

Трагедыя адбылася 8 снежня 2025 года. Увечары таго дня Максім адправіўся ў ФАК. Камеры зафіксавалі адрэзак часу ад атрымання мужчынам чыпа-бранзалета да рэанімацыі.

Згодна з дакументамі следчых, 45 хвілін мужчына правёў у водна-тэрмальнай зоне — хадзіў у сауны і джакузі. Пасля — перамясціўся ў басейн. Праплыўшы каля 60 метраў, ён спыніўся каля раздзяляльнай ліны і прастаяў на адным месцы дзве хвіліны. А затым — стаў апускацца пад ваду. На дарожцы Максім быў адзін.

Пад вадой ён прабыў 4 хвіліны і 28 секунды, «сігналаў аб дапамозе не падаваў», гаворыцца ў дакументах.

Адзін з інструктараў-метадыстаў заўважыў, што Максім не рухаецца. Тады ён папрасіў іншага наведвальніка праверыць Максіма. «А сам (інструктар — Hrodna.life) уздоўж басейна накіраваўся да лесвіцы ўваходу ў ваду побач з першай дарожкай. Наведвальнік наблізіўся да пацярпелага, знайшоў яго ў несвядомым стане і стаў цягнуць у бок лесвіцы ўваходу ў ваду», — пішуць следчыя.

На борт басейна Максіма выцягнулі ў 18.05 без прыкмет жыцця. Чакаючы хуткую, медсястра і супрацоўнікі ФАК спрабавалі аказаць першую дапамогу — рабілі штучнае дыханне.

Хуткая прыбыла да 18:13, але Максім ужо памёр. Судмедэкспертыза заключыла, што смерць наступіла ад утаплення — механічнай асфіксіі з-за закрыцця дыхальных шляхоў. Звестак аб тым, што Максіму магло стаць дрэнна ў вадзе, журналісты не знайшлі.

У аквазоне было пяць інструктараў - чалавека пад вадой яны не бачылі

Брат Максіма бачыў відэазапіс няшчаснага выпадку. Паводле яго слоў, у аквазоне было пяць інструктараў, але «ніхто не бачыў брата пад вадой».

— А калі яго адтуль дасталі, то ні на бок не павярнулі, ні на жывот, а адразу пачалі рабіць штучнае дыханне. Але ж гэта няправільна. Мне нават эксперт-патолагаанатам пацвердзіў, што «качаць» бескарысна, калі для пачатку не прыбраць ваду з лёгкіх, — кажа мужчына.

Журналісты спрабавалі звязацца з кіраўніцтвам ФАКу, але атрымаць каментар ім не ўдалося.

У дзень трагедыі ў ФАК не было інструктара-выратавальніка

Згодна з дакументамі, якія прадаставілі блізкія Максіма, упраўленне спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама ў заключэнні ўказвае на арганізацыйныя прычыны. «Мяркуецца, у пацярпелага быў хваравіты стан; адсутнасць належнага кантролю з боку інструктараў за бяспекай наведвальнікаў на вадзе, у тым ліку за колькасцю плаваючых у басейне, несвоечасовае, няправільнае прымяненне інструктарамі прыёмаў выратавання на вадзе; выкананне інструктарамі неўласцівых функцый — уборкі вады ў басейне».

Як вынікае з дакументаў, супрацоўнікі ДУ «Слонімскі РФСК», у структуру якога ўваходзіць ФАК «Шчара», павінны прытрымлівацца наступнага алгарытму дзеянняў пры ўтапленні: «Першы, хто заўважыў утапленне, павінен спачатку даць доўгі сігнал свістка, звярнуць увагу ўсіх інструктараў-метадыстаў, кінуць выратавальны круг, нырнуць для вымання чалавека з вады».

На момант трагедыі ў ФАКу не было штатнай адзінкі інструктара-ратавальніка. Яе ўвялі ўжо пасля таго, як у комплексе патануў чалавек. Але і звычайныя інструктары абавязаны ратаваць наведвальнікаў. Гэта вынікае са слоў намесніка дырэктара ФАКу па асноўнай дзейнасці, якая тлумачыла: «Інструктары-метадысты павінны ажыццяўляць кантроль за наведвальнікамі ў водна-тэрмальнай зоне і аказваць ім неабходную дапамогу».

У крыві памерлага знайшлі спірт

У заключэнні судмедэкспертаў указана, што ў Максіма былі прыкметы сардэчна-сасудзістых захворванняў, хваробы печані, селязёнкі і падстраўнікавай залозы. Якія, аднак, не знаходзяцца «ў прычыннай сувязі са смерцю».

Таксама ў крыві Максіма выявілі этанол у канцэнтрацыі 1,0 праміле, што складае прыкладна 1,5 літраў піва. У мачы этанолу не знайшлі - гэта сведчыць аб нядаўнім спажыванні алкаголю.

Блізкія адмаўляюць магчымасць ужывання. Яны лічаць вынікі аналізаў памылкай і мяркуюць, што ўзоры маглі пераблытаць.

— Апошнія гады два Максім увогуле не ўжываў алкаголь па стане здароўя. Пасля яго смерці следчыя абышлі ўсе кватэры ў нашым пад’ездзе, апыталі ўсіх суседзяў - ніхто не бачыў яго п’яным, — кажа маці.

Менавіта таму сям’я вырашылася на агалоску.

— Бо ў выніку выйшла, што сын ва ўсім вінаваты, а супрацоўнікі як бы наогул ні пры чым, — дадае Наталля.

Гродзенскі суд адправіў справу на новы разгляд

Ва ўзбуджэнні крымінальнай справы некалькі разоў адмаўлялі. У пастанове гаворыцца, што «вінаватых у смерці ўстаноўлена не было».

З моманту смерці Максіма прайшло больш за год. Да работнікаў ФАК прымянілі меры дысцыплінарнага ўздзеяння, таксама ўвялі дзве пасады інструктараў-ратавальнікаў і дапоўнілі службовыя абавязкі інструктараў-метадыстаў, якія прайшлі курсы «Ратавальнік на вадзе».

Увесь гэты час сям’я Максіма неаднаразова абскарджвала рашэнне аб адмове ва ўзбуджэнні крымінальнай справы праз пракуратуру і суд. Вынікаў гэта не дало.

Наталля дадае, калі папрасіла следчага паказаць відэазапіс з ФАКу, ёй сказалі, што дыск зламаны і запіс знішчаны.

— Але калі б віны супрацоўнікаў не было, то запіс бы захоўвалі, а так выходзіць, што ўсё наадварот, — лічыць жанчына.

Тым не менш Гродзенскі суд адмяніў рашэнне Слонімскага суда — справу накіравалі на новы разгляд. Сям’я спадзяецца, што цяпер прыцягнуць да адказнасці тых, хто не заўважыў Максіма, які знаходзіўся пад вадой.

— А таксама разабрацца, адкуль узяліся гэтыя 1,0 праміле. Мы ўпэўненыя, шанцы былі страчаны за кошт бяздзейнасці, — кажа Дзмітрый.