У гродзенскіх паліклініках адмовяцца ад папяровых медкартак. Пераход на электронную сістэму стане магчымым дзякуючы адзінай інфармацыйнай сістэме, якая будзе складацца з двух новых сэрвісаў: электроннай медкарты і асабістага кабінета пацыента, піша «Гродзенская праўда». 

Медкарты загрузяць у адзіную ўнутраную сетку

У Гродзенскай вобласці ўжо ёсць установы, якія пачалі падключэнне да цэнтралізаванай сістэмы. Гэта адбываецца ў некалькі этапаў.

Першы заключаецца ва ўстаноўцы лакальнай вылічальнай сеткі. Для яе правядзення неабходна, каб паліклінікі былі абсталяваны камп’.тарамі з прыдатнымі тэхнічнымі характарыстыкамі – гэтым у 2025 годзе займалася Міністэрства аховы здароўя.

Пасля ў сістэму загружаюць дадзеныя супрацоўнікаў і выдаюць ім электронна-лічбавыя подпісы. Атрымаўшы доступ да сеткі, медработнікі могуць загружаць дадзеныя пацыентаў. Акрамя гісторыі хваробы ў электронных медкартах будзе захоўвацца інфармацыя аб лабараторных і дыягнастычных даследаваннях.

Урачы будуць абменьвацца дадзенымі, пацыенты – сачыць за вынікамі

Электронныя карты дазволяць установам аховы здароўя абменьвацца звесткамі. Гродзенскія медыкі змогуць даведацца пра гісторыю хваробы пацыента, які праходзіць амбулаторнае лячэнне ў Гродне, але сам пражывае ў Мінску.

У сваю чаргу пацыенты змогуць самастойна адсочваць вынікі медагляду.

— Напрыклад, педыятры будуць загружаць туды ўсю неабходную інфармацыю аб дзіцяці з моманту яго нараджэння. У працэсе сталення чалавек зможа захоўваць усе дадзеныя аб сваім здароўі ў адзінай карце, – тлумачыць галоўны ўрач паліклінікі №7 Гродна Аляксандр Кашуй.

Абсталяванне для падключэння да сістэмы – беларускае

Па словах галоўнага ўрача, пры падлучэнні да адзінай сістэмы будуць выконваць канфідэнцыйнасць загружаных дадзеных. Для гэтага ўсталявалі сеткавыя экраны – кампанент, які фільтруе інфармацыю і не дае староннім людзям да яе доступ.

— Больш за тое, усе каналы сувязі, якія ўваходзяць у оптавалакно, гарантавана канфідэнцыйныя. Яны злучаюцца на базе РНПЦ медыцынскіх тэхналогій, інфарматызацыі, кіравання і эканомікі аховы здароўя, – кажа Кашуй.

Галоўны ўрач дадае, што абсталяванне для падключэння да сістэмы – беларускай вытворчасці.

Чытайце таксама: У Гродне з’явіўся першы ў вобласці ўрач-лімфолаг