У Гродне ў 2025 годзе адкрыліся пяць новых аб’ектаў размяшчэння: два хостэлы, два буцік-атэлі і гатэль «Нёман», які пачаў працаваць у тэставым рэжыме. У бліжэйшы час, у канцы снежня — пачатку студзеня, плануецца запуск яшчэ аднаго гатэля на 11 нумароў. Нягледзячы на гэта, у горадзе ўсё яшчэ не хапае недарагіх месцаў для начлегу.

«Нёман»: колькі каштуе пражыванне і якія нумары даступны

У абноўленым гатэлі «Нёман» нумары пачынаюцца ад 120 рублёў. Ён пачаў працаваць у тэставым рэжыме і ўжо прымае першых пастаяльцаў. Для браніравання даступны 198 нумароў розных катэгорый: стандартныя аднамесныя і двухмесныя, эканом-клас, сямейныя нумары і люкс.

На дадзены момант гасцінічны комплекс працуе часткова — адкрыты першыя чатыры паверхі. Да Новага года плануецца запусціць усе астатнія паверхі, а таксама адкрыць бар. Браніраванне на навагоднія святы ўжо ідзе.

«Усе нумары, якія ў нас адкрыты для заказу, ужо практычна забраніраваны», — адзначыла дырэктар ЗАТ «Гасцінічная гаспадарка» Вольга Райко. Паводле яе слоў, асноўныя турысты, якія браніравалі нумары ў новым атэлі, — з Расіі і Беларусі.

У Гродне ў тэставым рэжыме адкрыўся гатэль «Нёман». Але месцаў для начлегу ўсё роўна не хапае
Двухмесны нумар Econom ў гасцініцы «Нёман». Фота: neman-spa.by

Месцаў для жылля не хапае

Турыстычны паток у горад з 2021 па 2025 год перавысіў 130 тысяч замежных гасцей, і больш за 80% з іх прыязджаюць з Расіі, паведамляе тэлерадыёкампанія «Гродна». Акрамя расіян, прыязджаюць турысты з іншых краін СНД, а таксама Польшчы і Літвы.

Кошт пражывання ў горадзе розны: у хостэлах можна зняць месца ад 40−45 рублёў. Хоць у горадзе з’явілася больш прапаноў для пражывання, у высокі сезон усё яшчэ не хапае месцаў у гатэлях эканом-класа, расказала галоўны спецыяліст аддзела спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама Анастасія Гліна.

У Гродне ў тэставым рэжыме адкрыўся гатэль «Нёман». Але месцаў для начлегу ўсё роўна не хапае
Аднамесны нумар Single ў гасцініцы «Нёман». Фота: neman-spa.by

Паводле яе слоў, браніраванне на навагоднія святы ідзе вельмі актыўна: «Практычна ўсе нумары ўжо забраніраваны ва ўсіх гатэлях. Але калі пастарацца, яшчэ можна дзесьці штосьці знайсці».