Ва Украіне ў палон трапіў 40-гадовы ўраджэнец Гродзенскай вобласці Руслан Гудач, які ваяваў у складзе расійскай арміі. Відэа з ім з’явілася ў Telegram-канале «Дождусь тебя».

Паводле інфармацыі канала, Гудач родам з вёскі Ганелькі Шчучынскага раёна. У відэа ён расказвае, што да службы спрабаваў займацца бізнесам, але пацярпеў няўдачу. Да яго ўзніклі прэтэнзіі з нагоды недаплаты падаткаў, за што яму «свяціла восем гадоў».

Па словах Гудача, у расійскіх сілавых структурах яму прапанавалі закрыць на гэта вочы, калі ён пагодзіцца ісці на СВА (так у Расіі называюць вайну ва Украіне).

Ён спрабаваў праз свайго знаёмага ўладкавацца на «тылавую пасаду», але яго накіравалі ў штурмавыя часткі.

«Падманулі»

Мужчына кажа, што яго падманулі, і дадае, што да апошняга не было зразумела, куды ён трапіць.

Таксама ён адзначае, што ніякія задачы перад ім не ставіліся да апошняга моманту і «дакладнае выкананне было нікому невядома».

Гудач трапіў у палон УСУ на тэрыторыі Курскай вобласці. Ён кажа, што два месяцы хаваўся ў падвалах, перш чым быў захоплены. Паводле яго слоў, на палігоне Пастаялыя двары іх амаль нічаму не вучылі.

«Паўночныя карэйцы, якія былі ў лагеры, мелі больш высокі ўзровень падрыхтоўкі. Нам з імі катэгарычна забаранялася размаўляць», — кажа ён.

Апошняя аперацыя

Паводле расказу Гудача, падчас аперацыі ў Цёткіна (пасёлак у Глушкоўскім раёне каля мяжы РФ і Украіны) яго група панесла вялікія страты: «Да пунктаў дайшлі не ўсе, многія загінулі, я — паранены».