Квіз “VSпомнить VSё” у Гродне вяртаецца. Ён будзе праходзіць у новым месцы і два дні – замест аднаго. Раней арганізатары паведамлялі, што квіз закрылі праз данос, але абяцалі вярнуцца.
Цяпер квіз “VSпомнить VSё” праходзіць у бары “На луне”, а не ў дзяржаўным МЦ “Гродна”.
Мерапрыемства не праходзіла з канца кастрычніка 2025 года па снежань. Уладальнікі паведамлялі, што на іх напісалі данос. Маўляў, на квіз не прапусцілі чалавека з дзяржаўным сцягам, а вядучы ў мікрафон “дрэнна выказваецца пра краіну і ўладу”.
“VSпомнить VSё” – адзін з самых паспяховых квізаў у Гродне. У яго гуляюць 50+ каманд. Ён праходзіў у адной з самых вялікіх залаў горада — у моладзевым цэнтры «Гродна». Акрамя таго, арганізатары праводзяць квізы і на карпаратывах. Гульні пад назвай “VSпомнить VSё” праходзяць і ў іншых гарадах.



