Калонку каля Лідскага замка адключылі «з мэтай скарачэння неўлічаных расходаў вады». Лідчане прыйшлі на прыём да старшыні райвыканкама Аляксандра Вярсоцкага і папрасілі аднавіць доступ да вады. Улады паабяцалі пытанне прапрацаваць і ваду вярнуць, але бясплатнай яна, хутчэй за ўсё, не будзе.

Гаворка ідзе пра калонку, якая знаходзіцца каля сценаў Лідскага замка. У 2010 годзе перад «Дажынкамі» яе ўпарадкавалі і надалі ёй старадаўні выгляд, забяспечыўшы каванымі дэталямі і брылём (казырком). Раней бюветам (збудаваннем над свідравінай) карысталіся жыхары дамоў, якія стаяць побач. Цяпер там ёсць цэнтралізаванае водазабеспячэнне.

Мясцовыя ўлады прапануюць камунальнікам вывучыць «пазітыўны замежны вопыт». Ён мае на ўвазе, што кожны ахвотны зможа скарыстацца водазаборнай калонкай — але толькі за сімвалічную плату за патрэбны яму аб’ём вады, паведамляе Telegram-канал «Лидский (не)официально».

Пад допісам з інфармацыяй ёсць адзін каментарый з відэа з Італіі, дзе з падобнай калонкі льецца вада — абсалютна бясплатна.

«Вельмі шкада, што ў вас такі вопыт. Дайце турыстам глыток вады. Мілан, плошча Дуома», — напісаў каментатар.

Вярнуць калонку лідчане просяць не першы раз

Пытанне з непрацуючым бюветам у галоўным турыстычным месцы Ліды ўзнімаецца не ўпершыню. Летам гэтага года мясцовыя жыхары пісалі ў газету «Прынёманскія весці».

Тады выданне паведамляла, што некалі побач з калонкай быў жылы дом. Цяпер ён пустуе, там ніхто не жыве, а значыць, няма тых, хто востра мае патрэбу ў калонцы. Таму яе і адключылі. Ідэя з платнай вадой таксама выказвалася. Але ў мясцовай ЖКГ адзначалі, што ўстаноўка новага сучаснага абсталявання — дарагое рашэнне.

Тая навіна сабрала шмат каментароў. Мясцовым ідэя з платнай вадой не спадабалася:

«А чаму б і не быць такой калонцы?! Раней на кожным куце стаялі калонкі, і не было праблемы папіць. Не так шмат яе і набіраюць, як пішуць — па 30 літраў, ды хоць па сорак… для горада гэта кропля ў моры. Турыстам таксама цікава набраць бутэлечку прахалоднай вады каля замка! Я не бачу сэнсу ехаць па ваду, каб дома сэканоміць — калі ўсе прапісаныя, вады па жыроўцы хапае з запасам!»

«Вось гэта рашэнне… У горадзе павінны быць месцы, дзе можна абмыць рукі, твар дзіцяці або папіць. Гэта ж толькі ў летні перыяд! Абавязкова трэба вярнуць бясплатны доступ!»

«Прыбіральняў няма ў цэнтры, дык і ваду перакрылі».

«Бясплатныя калонкі абавязкова павінны быць у горадзе»

Былі і супрацьлеглыя меркаванні: некаторыя бачылі, як людзі пад’язджаюць да калонкі з бутэлькамі па 30 літраў, набіраюць ваду і грузяць у багажнікі. І гэта, па словах каментатараў, адбывалася рэгулярна.

Іншыя адказвалі: «А чаму не, уласна? Гэта вада грамадскага карыстання. Бясплатныя калонкі абавязкова павінны быць у горадзе — бо пры прыродным катаклізме або адключэнні святла вада ў дамах можа знікнуць. Калонкі патрэбны на экстранны выпадак.»

“Можна яшчэ ліхтары платнымі зрабіць”. У Лідзе адключылі калонку — ваду хочуць даваць за грошы
Калонкі ў Лідзе на замку. Фота: lidanews.by

«Раней па ўсім горадзе стаялі калонкі — зручна было. А цяпер апошнія закрываюць, нават у самых людных месцах. Усё для людзей, як заўсёды. Запрашаюць турыстаў, а вады даць не могуць».

Каментатары прапаноўвалі і іншыя ідэі з платным доступам: «Можна яшчэ ліхтары платнымі зрабіць — аплаціў пяць ліхтароў па дарозе і ідзі».

Калонкі ў Лідзе зачыненыя: карыстацца імі могуць толькі жыхары прыватных дамоў без цэнтральнага водазабеспячэння

У Лідзе ёсць і іншыя працуючыя калонкі: тры (у тым ліку і каля замка) з іх добраўпарадкаваны пад даўніну. Пра гэтыя добраўпарадкаваныя калонкі яшчэ 10 гадоў пісала «Лідская газета», якая ўсяляк расхвальвала працуючыя бюветы: «Такія добраўпарадкаваныя крыніцы ўпрыгожваюць горад і па праву ацэнены лідчанамі і гасцямі Ліды».

Цяпер жа астатнія калонкі з вадой зачынены на замок. Па словах камунальнікаў, яны прызначаны выключна для жыхароў прыватных дамоў без цэнтральнага водазабеспячэння — такіх дамоў засталося 186. Іх жыхары аплачваюць ваду па дамове з Лідскім ДУП ЖКГ і маюць ключы для доступу.