У скверы паміж вуліцамі Гарнавых, Дарвіна і Леванабярэжнай плануюць усталяваць пункт грамадскага харчавання. Участак плошчай 160 кв. м збіраюцца здаваць у арэнду на тры гады. Права арэнды выставілі на аўкцыён, які пройдзе 9 снежня. Стартовая цана — крыху больш за 750 рублёў, паведамляе «Вечерний Гродно».

Паводле ўмоваў аўкцыёну тут можна размясціць невялікі аб’ект грамадскага харчавання, але без продажу алкаголю, слабаалкагольных напояў і піва.

Пляцоўка знаходзіцца на балансе ДУПП «Гродзенская гарадская жыллёва-камунальная гаспадарка».

Дарэчы, недалёка ад гэтага месца, на вуліцы Дарвіна, ужо ёсць кавярня «Наше место». Яна адкрылася ў 2019 годзе. Кавярню тады адкрыла маладая пара Дыяна Рыбак і Андрэй Маркевіч. Яны расказвалі, што спачатку знайшлі месца, і толькі потым вырашылі адкрыць кавярню. Яна вельмі хутка стала папулярным месцам у горадзе.