Краму сувенірнай прадукцыі «Калядная крама» у Мінску закрылі пасля скаргаў Вольгі Бондаравай. Праўладная актывістка абвінавачвала краму ў продажы тавараў «з выявай нацысцкай злачынцы» Ларысы Геніюш.

Цяпер у дачыненні да юрасобы крамы вядуць крымінальна-працэсуальную праверку, паведаміла ў сваім Telegram-канале Бондарава.

Згодна з адказам адміністрацыі Савецкага раёна Мінска на заяву Бондаравай, праца «Каляднай крамы» прыпыненая, а памяшканне закрытае з 15 лістапада. У анлайн-каталогу магазіна органы не знайшлі шарыкаў з выявай Геніюш.

Сувенірную краму ў Мінску закрылі пасля скаргаў Бондаравай
Шарыкі з выявай Геніюш. Фота: Telegram-канал Лебедева

Адміністрацыя раёна запатрабавала ад крамы ўхіліць парушэнні «аб продажы асобных тавараў», выяўленыя падчас праверкі. Да 21 лістапада крама выканала патрабаванне.

Крама зачынялася на два дні — 16 і 17 лістапада. Тады ў Instagram з’явілася аб’ява, што крама «часова не працуе па тэхнічных прычынах». Гэта адбылося пасля таго, як прапагандысты абурыліся продажам ёлачных шарыкаў з выявай Ларысы Геніюш.

Бондарава назвала паэтку «нацысцкай злачынцай» і падала заяву ў міліцыю — шарыкі знялі з продажу.

Чытайце таксама: «Гродзенская праўда» выдаліла тэкст пра гарэлку ад навукоўцаў. На яе паскардзілася Бондарава