Дзяржаўная газета “Гродзенская праўда” апублікавала калонку, у якой аўтарка Рэгіна Карповіч разважае пра прычыны вяртання беларусаў з эміграцыі. У Facebook-групе газеты публікацыя набрала амаль 700 каментарыяў ад чытачоў – беларусы актыўна абмяркоўваюць калонку.
У матэрыяле Рэгіна Карповіч пералічвае некалькі асноўных на яе погляд прычын, чаму беларусы вяртаюцца дадому. Сярод іх – “прафесійная кваліфікацыя не гарант поспеху”, “выбар на карысць дзяцей” і “настальгія па радзіме”.
“Насуперак еўрапейскай і нашай псеўдаапазіцыйнай прапагандзе ўсё часцей здараецца пачуць гісторыі тых, хто паспрабаваў жыццё ў заходніх “дэмакратыях” і зразумеў, што смак яе з душком і значна адрозніваецца ад чаканага”, – піша аўтарка.
Беларусы пра калонку: «Разумею, гэта для ўнутранага цярпілы»
У каментарах беларусы дзеляцца меркаваннямі аб прачытаным. Адны лічаць, што зрабілі правільны выбар, эміграваўшы, іншыя пішуць, што Беларусь самая “бяспечная, чыстая і спакойная краіна”.
«Так і ёсць. Камусьці і на чужыне добра, а камусьці і дома цудоўна. Пажыў у іншай краіне, параўнаў што ды як і вырашыў для сябе. Я так і зрабіў. Гэта нармальна, калі чалавек выбірае жыць там, дзе яму лепш!» — лічыць Viktor Getiuk.
«Самая тупая фраза для нікчэмных людзей – дзе нарадзіўся там і спатрэбіўся. Лузерам гэта кажыце, якія нічога не могуць у сваім жыцці, а нармальны разважны чалавек ведае сабе кошт і мае каштоўнасці як для сябе, так і для сваёй сям’і», — піша Ruslan Sinchugov.
«Вяртаюцца толькі адзінкі, у якіх ні тут, ні там нічога не атрымліваецца, а вось з’язджаюць тысячы. Але пра гэта пісаць не будуць, бо гэта нязручная праўда!» — выказваецца Максим Жванько.
«Мае знаёмыя ўкраінцы, пражыўшы некалькі гадоў у Латвіі, потым у Канадзе, у выніку купілі хату ў Беларусі і пераехалі туды з дзецьмі назаўжды. Шкадуюць толькі аб адным, што не зрабілі гэтага раней. Для дзяцей лепшага жыцця, чым у Беларусі не знайсці!» — распавядае Inna Chebotkova.
“А чаму адразу “дзе нарадзіўся”? Беларусы могуць і ў іншых краінах нараджацца» — цікавіцца Dmitry Groshev.
«Яшчэ сумленную статыстыку прымацуеце – і потым паглядзім, праўду кажаце ці як звычайна», — адзначае Igor Gera.
«Рэальна. Як вы раз’юшваеце з гэтымі закідонамі. Я вядома разумею што гэта для ўнутранага цярпілы. Але тым не менш. Я люблю сваю Беларусь. Яе прыроду, яе клімат, рэкі, азёры, лес. І нават балоты з камарамі не праблема. Але свабоду я люблю больш. Я не прыстасаванец. Не магу падыгрываць несправядлівасці. Спадзяюся, мая цудоўная Беларусь будзе свабодная. Ад дыктатара і ад падлізнікаў», — выказваецца Alex Sidorov.
Сацыёлаг: з краіны з’ехала насельніцтва, роўнае колькасці Гродна і Брэста
У сваёй калонцы Рэгіна Карповіч не прыводзіць статыстыку беларусаў, якія з’ехалі з краіны. Затое піша, што людзі “збіраюць дзяцей, рэчы, любімую Мурку ці Жучку і вяртаюцца ў Беларусь”, а “сацсеткі запаўняюць ролікі, напоўненыя пазітыўнымі эмоцыямі і шчасцем быць дома”.
У некаторых чытачоў фармулёўка выклікала пытанні – яны звярнуліся да аўтаркі з пытаннем, чаму тая праігнаравала лічбы.
Згодна з дадзенымі Еўрастату, толькі за 2023 год беларусы атрымалі больш за 281 тыс. дазволаў на пражыванне ў краінах Еўразвяза. Падлічыць дакладную колькасць тых, хто з’ехаў пасля 2020 года, складана. Але па прыкладных падліках даследчыка Цэнтра новых ідэй Генадзя Коршунава, на пачатак 2024 года лічба магла дасягаць 500-600 тыс. чалавек. «Гэта каля 6-7% ад агульнай намінальнай/афіцыйнай колькасці насельніцтва краіны, паводле звестак Белстата. Або амаль Гродна і Брэст разам», — дадаў эксперт.
Статыстыкі, колькі беларусаў вярнуліся з эміграцыі ў краіну, таксама няма. Як заяўляла ў кастрычніку 2025 года Генпракуратура, у «камісію па вяртанні» падалі больш за 320 заяў. Па словах намесніка генпракурора Аляксея Стука, толькі 30 чалавек “атрымалі магчымасць прыехаць на радзіму”.
Чытайце таксама: «Прычына продажу — эміграцыя». У Гродне прадаюць бары і кафэ



