Гродна стаў адным з самых папулярных гарадоў для адпачынку расіян на навагоднія святы, паведамілі ў праграме «Навіны 24 гадзіны» на СТВ. Попыт на гасцініцы і апартаменты ў горадзе вырас больш чым на 50%. Рэдакцыя Hrodna.life паглядзела, ці засталіся яшчэ свабодныя варыянты на навагоднія святы ў Гродне і за колькі можна зняць апартаменты на Новы год.

Навагоднія канікулы расіян будуць доўжыцца з 31 снежня 2025 года па 11 студзеня 2026 года, што традыцыйна павялічвае цікавасць да беларускіх гатэляў і апартаментаў. Яшчэ ў канцы кастрычніка расійскія тураператары фіксавалі актыўныя браніраванні тураў у Беларусь, асабліва ў санаторыі і на экскурсійныя праграмы. Так і атрымалася.

Паводле звестак сэрвісу «Востраў», попыт на гатэлі ў Беларусі ў гэты перыяд вырас на 36%. Сярод гарадоў найбольшы рост адзначаны ў Гродне — 52%. Таксама запатрабаваныя Брэст (38%), Мінск (27%), Віцебск (21%) і Магілёў.

Турысты часцей за ўсё выбіраюць апартаменты (45%) і гатэлі без зорак (17%). Па 13% прыпадае на гасцініцы 3* і 5*, 4% — на 4*, а па 2% — на хостэлы, гасцявыя дамы, кемпінгі і глэмпінгі.

Пра тое, што Беларусь з’яўляецца прыярытэтным накірункам у расіян на навагоднія святы, сведчыць і тое, што практычна выкуплены месцы ў цягніках, якія едуць у нашу краіну. Так, па стане на 25 лістапада свабодных месцаў у цягніках з Масквы ў Мінск засталося зусім няшмат. На 2 студзеня з расійскай сталіцы да Мінска даступныя ўсяго сем месцаў у купэ і адно месца ў спальным вагоне. Больш месцаў з Масквы ў Віцебск, там на 2 студзеня пакуль што ёсць 124 плацкартныя месцы і 22 — купэйныя.

Свабодных нумароў у Гродне на Новы год амаль не засталося

На канец лістапада 2025 года свабодных нумароў у Гродне на навагоднія святы застаецца зусім няшмат.

Напрыклад, у Kronon Park Hotel ужо заняты даты навагодняй ночы і першыя дні студзеня. Але на перыяд з 1 па 4 студзеня 2026 года даступны апошні нумар Deluxe Room на дваіх чалавек за 3 390 рублёў за тры ночы, уключаючы сняданак à la carte.

Таксама ёсць няшмат варыянтаў на іншыя даты. Напрыклад, з 3 па 6 студзеня 2026 года можна забраніраваць Deluxe Suite за 3 780 BYN на тры ночы на дваіх або Standard Room за 3 240 беларускіх рублёў за той жа перыяд.

Гродна сярод лідараў у расіян на Новы год. Свабодных месцаў у гатэлях і апартаментах засталося няшмат
У Kronon Park Hotel ўжо занятыя навагодняя ноч і першыя дні студзеня. Фота: скрыншот з сайта гатэля

Навагодняя ноч у Гродне: дзе яшчэ ёсць месцы

На навагоднюю ноч у Гродне даступна 32 варыянты размяшчэння. У цэнтры горада свабодныя нумары ёсць у гатэлі «Нёман»: двухмесны нумар Standard каштуе $ 127 (435 рублёў), у кошт уключаны сняданак і вячэра. Нумароў, праўда, засталося няшмат.

У гатэлі «Нёман» на вуліцы Каліноўскага таксама ёсць свабодныя месцы: размяшчэнне для двух чалавек абыдзецца ў $ 120 або 410 рублёў, харчаванне ў кошт не ўваходзіць. У гатэлі «Сямашка» двухмесны нумар Standard каштуе $ 110 або 376 рублёў, сняданак уключаны.

Недарагія варыянты і арэнда альтанак для сустрэчы Новага года

Самыя даступныя прапановы — у сегменце хостэлаў. Хостэл City на вуліцы Ажэшкі прапануе размяшчэнне для двух гасцей за $ 55 ці 188 рублёў, аднак свабодныя месцы засталіся толькі ў жаночым агульным нумары.

Танней можна правесці ноч у хостэле Dzen: у агульным нумары на 12 ложкаў два чалавекі змогуць спыніцца за $ 38 ці 130 рублёў.

Сярод недарагіх варыянтаў можна адзначыць двухмеснае шале (домік) з двума асобнымі ложкамі ў гатэлі «Прывал» у Пышках. Навагодняя ноч для двух чалавек там абыдзецца ў $ 88 (прыкладна 300 рублёў). Гэта толькі пражыванне без дадатковых паслуг.

Гродна сярод лідараў у расіян на Новы год. Свабодных месцаў у гатэлях і апартаментах засталося няшмат
Шале ў «Прывале». Фота: скрыншот з сайта ostrovok.ru

«Прывал» таксама прапануе варыянт для тых, хто хоча сустрэць Новы год кампаніяй: тут можна забраніраваць альтанкі. Кошт арэнды пачынаецца ад 500 рублёў.

Апартаменты на навагоднія святы: ад бюджэтных да дарагіх варыянтаў

З 2 па 5 студзеня ў Гродне засталося 17 варыянтаў размяшчэння на тры ночы, аднак цэны на большасць прапаноў даволі высокія. Напрыклад, можна выбраць і апартаменты.

Flate Zone на вуліцы Цітова, 14 з балконам і выглядам з акна абыдуцца ў $ 488 ці 1 670 рублёў за навагоднюю ноч — гэта самы дарагі варыянт у горадзе.

Гродна сярод лідараў у расіян на Новы год. Свабодных месцаў у гатэлях і апартаментах засталося няшмат
Апартаменты Flate Zone на вуліцы Цітова, 14. Фота: скрыншот з сайта ostrovok.ru

Апартаменты «Люкс з балконам і прыгожым выглядам» на вуліцы Свярдлова каштуюць $ 926 (прыкладна 3 055 рублёў). А апартаменты на вуліцы Воінаў-інтэрнацыяналістаў, 10 — $ 802, што складае каля 2 646 рублёў. Гэта на тры ночы на дваіх чалавек.

Трохі танней абыдзецца кватэра на вуліцы Лідскай 3А — $ 727 (каля 2 401 рубля). Апартаменты на вуліцы Пралетарскай 2А можна забраніраваць за $ 401 (прыкладна 1 323 рублі) за тры ночы.

Самы бюджэтны варыянт прапануе хостэл Dzen на вуліцы Падольнай: два месцы ў агульным нумары з дванаццаццю ложкамі каштуюць $ 112 (каля 370 рублёў). У нумары з дзесяццю ложкамі — $ 122 (прыкладна 403 рублі). У шасцімесным нумары — $ 132 (каля 436 рублёў). Так, у жаночым чатырохмесным нумары размяшчэнне абыдзецца ў $ 142, гэта значыць каля 469 рублёў за два месцы на тры ночы.