Гродзенка паказала ў TikTok стан дарогі каля дома 21/3 па вуліцы Брыкеля. На відэа бачна, што дарога ўся ў расколінах: дзесьці ямы падсыпаны сумессю асфальту, дзесьці зароблены цэглай, а побач з каналізацыйным люкам віднеецца дзірка.
«Дарожнае пакрыццё цалкам не мянялася з 90-х гадоў», — напісала дзяўчына. Яна таксама расказала, што «ніякія калектыўныя лісты і звароты ў розныя службы не маюць эфекту» і назвала сітуацыю «поўным ігнорам двара».
Многія карыстальнікі ў каментарах раілі звярнуцца на партал 115.бел ці нават у «прэзідэнцкую вертыкаль», сцвярджаючы, што так праблему вырашаць хутчэй. Аднак аўтарка ўдакладніла, што ўжо шмат гадоў яна і іншыя жыхары пішуць у розныя інстанцыі, уключаючы неаднаразовыя заяўкі на 115.бел з 2019 года, але вынікаў гэта не прынесла.

«Ніводная заяўка не выканана па пытанні асфальту», — дадала дзяўчына, прыклаўшы скрыншот з адной са сваіх заявак. Мяркуючы па скрыне, сем гадоў таму работы па ёй праводзіліся і былі закрыты.
У каментарах да публікацыі актыўна ўключыліся і іншыя мясцовыя жыхары. Яны пацвердзілі, што па вуліцы Брыкеля нават таксі імкнуцца не ездзіць, а жыхары пазбягаюць вячэрніх прагулак.
«Дзіўна, насупраць жыву праз дарогу, і ў нас увесь час робяць рамонты», — адзначыў адзін з карыстальнікаў. На гэта аўтарка адказала: «У нас вакол таксама рамонты ўвесь час, акрамя нашага двара».

Іншыя гродзенцы дзяліліся падобнымі праблемамі ў розных частках горада:
«Ад радзільнага дома на вуліцы Горкага да Суворава сітуацыя падобная», — напісаў адзін з гродзенцаў. «Прагуляйцеся па старым раёне Фолюша. Там карціна не лепшая», — пакінуў каментар іншы.
КДК Гродзенскай вобласці даў справаздачу аб рамонтах пасля зваротаў грамадзян
У жыхароў Гродна і вобласці ёсць не так шмат інструментаў для вырашэння камунальных праблем. Але, у тым ліку, яны могуць звяртацца ў КДК Гродзенскай вобласці. Нядаўна ведамства дало справаздачу аб выніках працы пасля зваротаў грамадзян.
Напрыклад, паміж вёскамі Рыбакі і Алішкаўцы ў Шчучынскім раёне правялі рамонт гравійнай дарогі. У Гродне на тэрыторыі дамоў № 2 і № 4 па вуліцы Болдзіна ўсталявалі асвятленне, адрамантавалі пешаходныя дарожкі і аднавілі газон.
Пасля калектыўнага звароту жыхароў дома № 30 В па вуліцы Шчорса ўсталявалі новыя тамбурныя дзверы, адрамантавалі насценныя панэлі і ўмацавалі вадасцёк казырка. Дом уключылі ў праграму капітальнага рамонту.
Хто адказвае за рамонт дарог? Куды звяртацца, каб іх паправілі?
Згодна з кодэксам «Аб архітэктурнай, горадабудаўнічай і будаўнічай дзейнасці», за рамонт дарог адказвае Міністэрства ЖКГ. У сваю чаргу мясцовыя выканкамы павінны забяспечваць стварэнне транспартнай інфраструктуры.
Таму калі гараджане накіроўваюць запыты ў абл- і гарвыканкамы — яны дзейнічаюць правільна. Каб прыцягнуць увагу мясцовых улад, праблему можна апісаць на рэспубліканскім гаспартале «115.бел» або звярнуцца ў бот «На связи».
Як правільна скласці заяўку на рамонт дарогі для УЖРЭП?
У Гродне за рамонт дарог адказвае УЖРЭП раёна (Кастрычніцкага або Ленінскага), а будаўнічыя работы ў міжквартальных праездах выконвае «Рэмбудаўтадар».
У заяве для УЖРЭП гараджане павінны апісаць праблему і растлумачыць, чаму асфальтаванне дарогі неабходна. Калі адразу некалькі жыхароў просяць адрамантаваць дарогу, можна сабраць іх подпісы — тады заява будзе калектыўнай. Да ліста можна прыкласці фота дарогі.
Падобныя звароты гараджане часта падаюць па некалькі разоў. Гэта можа прымусіць чыноўнікаў вырашыць праблему, няхай і не з першага разу.



