Жыхары вёскі Рыбніца Парэцкага сельсавета летам 2025 года добраўпарадкавалі тэрыторыю каля возера ў лесе. Яны спілавалі дрэвы на беразе, усталявалі столік, збіраліся зарыбіць вадаём. Але зрабілі гэта, не параіўшыся з уладамі - тыя пагражаюць крыміналкамі і адміністратыўкамі, піша «Перспектива».
Таксама ў ходзе работ прыбралі тэрыторыю і змянілі берагавыя схілы. Улады пакуль не даведаліся, хто менавіта гэта зрабіў. Мяркуюць, што гэта рабілі «цішком» і ўначы. У лістападзе прайшоў сход ініцыятыўнай групы — у чыноўнікаў ёсць прозвішчы гэтых людзей. Але «падазраваныя» не прызнаюцца. Стараста вёскі таксама маўчыць.
У мінулым з вадаёма запампоўвалі ваду для пажаратушэння. Ён зарос і страціў прывабнасць. Прылеглая да яго тэрыторыя ўваходзіць у лесфонд. Возера размешчана на землях райвыканкама. Да моманту абнаўлення кадастравай карты ў 2025 годзе вадаём нават не значыўся на ёй. Улетку аб’ект можа быць небяспечны — на вакацыі прыязджае шмат дзяцей, а знака аб забароне купання няма.
Органы ўлады, падкрэсліў старшыня Парэцкага сельвыканкама Андрэй Мацкевіч, «заўсёды гатовыя весці канструктыўны дыялог».
-Так, здараецца, часам людзі па няведанні праяўляюць празмерную самастойнасць, як у дадзеным выпадку, — заўважае Андрэй, — але пасля таго, як мы тлумачым, што так рабіць нельга, ідуць з намі на кантакт. А тут месяцамі хтосьці гаспадарыць, не паставіўшы ў вядомасць мясцовы орган улады. < … > Прыходзьце, чым можам — дапаможам. Але нормы заканадаўства ўжо парушаныя.
Жыхарам трэба было звярнуцца ў райвыканкам. Пасля гэтага вадаёмы далі б ацэнку і намецілі план мерапрыемстваў. Цяпер ініцыятыўнай групе пагражае як адміністратыўнае, так і крымінальнае пакаранне: за спіл дрэў, парушэнне экалагічных нормаў і правілаў пры добраўпарадкаванні воднага аб’екта, працу па расчыстцы вадаёма і паглыбленні дна без праектнай дакументацыі.
Чытайце таксама: Лідчанін браў грошы за добраўпарадкаванне магіл, але нічога не зрабіў. Яго будуць судзіць



