Жыхароў вёскі Бастуны ў Воранаўскім раёне ўсхвалявала навіна аб адмене з 14 снежня цягніка Ліда — Беняконі — Ліда: людзі асцерагаюцца, што без чыгункі дабрацца на працу і ў суседнія гарады стане складаней, а прапанаваны аўтобус не вырашыць праблему.
Аб спыненні руху цягнікоў рэгіянальных ліній эканомкласа па маршруце Ліда — Беняконі — Ліда паведаміла дзяржаўная газета «Прынёманскія весці». Цягнік адменяць з 14 снежня, а наўзамен абяцаюць аўтобусныя зносіны. Аднак у мясцовых жыхароў гэтае рашэнне выклікае сур’ёзныя асцярогі, піша «Наша Ніва».
Як адмена цягніка паўплывае на жыццё жыхароў вёскі Бастуны
У вёсцы Бастуны зараз жыве каля 470 чалавек. У 2009 годзе іх было больш за $ 630 $ чалавек. Бастуны — адміністрацыйны цэнтр аднайменнага сельсавета. Тут працуюць тры прадпрыемствы. Напрыклад, асфальтабетонны завод ДРБУ № 120 і аддзяленне кругласутачнага знаходжання для пажылых людзей і людзей з інваліднасцю. Чыгуначную станцыю ў Бастунах адкрылі яшчэ ў 1884 годзе. Многія супрацоўнікі ездзілі на працу менавіта цягніком.
Праблему ўзнялі ў TikTok-акаўнце sovbelka. У каментарах мясцовыя жыхары пацвердзілі, што на сустрэчы з прадстаўнікамі БЧ (Беларускай чыгункі) іх асцярогі фактычна праігнаравалі.
«Мае бацькі там жывуць! Гэта праўда! Сход быў, прыязджалі з Баранавіч з БЧ, але людзей не пачулі! У Воранава не паехалі, ведалі, што там шмат будзе абураных. Аўтобус, які прапануюць чыноўнікі?! Цікава, што будзе?! Асабліва ў пятніцу», — напісала адна з карыстальніц сацыяльнай сеткі.
Што абяцаюць улады, і чаму гэтыя абяцанні абурылі людзей
Тэлерадыёкампанія «Гродна» заявіла, што транспартнай праблемы не ўзнікне: нібыта з вёскі ў Ліду і Воранава ёсць 159 аўтобусных рэйсаў у тыдзень.
Больш за тое, намеснік старшыні камітэта па архітэктуры і будаўніцтве аблвыканкама Наталля Прылепская паведаміла аб запуску з 14 снежня дадатковага маршруту «Беняконі — Ліда» з заездам у Бастуны. Абяцаюць штодзённыя рэйсы і расклад «з улікам пажаданняў жыхароў».
У каментарах да навіны дзяржканала людзі абурыліся. Бо на аўтобус і цана большая, і расклад не пад кожную працу падыходзіць.
«Пры чым тут аўтобусы? На дызелі ўсе ездзяць, таму што гэта танней, чым на аўтобусе… А раніцай як людзі будуць дабірацца на працу ў Ліду? Першы аўтобус у нас адыходзіць у 8:10…».
«Муж кожны дзень дабіраецца ў Ліду на працу і назад, што рабіць цяпер, не ведаем, асабістага транспарту ў нас няма. Аўтобус будзе каштаваць у 3 разы даражэй за дызель, і не факт, што ім будзе зручна ездзіць», — напісала адна з каментатарак.
«І будзем ездзіць у аўтобусе адно ў аднаго на каленях, мы ўжо так ездзім», — напісала адна з мясцовых жыхарак.
«Якія 159 аўтобусаў, хоць бы хлусілі сціплей! Нават маршрутка, якая ідзе адзіная праз Бастуны, і тая не бярэ людзей», — абурыўся яшчэ адзін карыстальнік.



