У Гродне працуе дом часовага знаходжання для людзей без пэўнага месца жыхарства. Тут можна пераначаваць і атрымаць дапамогу ў аднаўленні дакументаў, афармленні інваліднасці і пошуку працы. Каб трапіць унутр, трэба быць цвярозым і прайсці абавязковы медагляд — флюараграфію, санпрапускнік і скурны дыспансер.

Знаходзіцца ў доме часовага знаходжання можна з 19:00 і да 7 гадзін раніцы, расказвае тэлеканал «Гродна Плюс». Акрамя спальнага месца, ёсць медыцынскі кабінет, душавыя і пакой адпачынку, а таксама сталовая. У буднія дні жыхары гатуюць ежу самастойна. У выхадныя ўсіх тых, хто мае патрэбу, забяспечваюць гарачым харчаваннем.

Зараз у доме часовага знаходжання пражывае 25 чалавек. Напрыклад, у адным з пакояў жывуць два сябры — Аляксандр і Дзмітрый. Нядаўна Аляксандр паставіў сабе за мэту ўладкавацца на пастаянную і стабільна аплачваную працу.

— Будзеце рабіць працу, будзеце атрымліваць нейкае задавальненне. Думкі будуць занятыя вось гэтым, — кажа дырэктар дома часовага знаходжання асоб без пэўнага месца жыхарства Яўген Ярмантовіч.

— Час будзе праходзіць хутчэй і заробак будзе, — паўтарае Аляксандр.

— Згодны, час будзе праходзіць хутчэй і свая капейчына, — згаджаецца Яўген Ярмантовіч.

Дом временного пребывания в Гродно
Дом часовага знаходжання ў Гродне. Фота: скрыншот з відэа тэлеканала «Гродна Плюс»

Як патрапіць у дом часовага знаходжання

Трэба зрабіць флюараграфію, прайсці санпрапускнік і скурны дыспансер. Пасля гэтага чалавека могуць аформіць і прадаставіць яму начлег.

— Нашая мэта — вярнуць падапечных да нармальнага жыцця, каб яны зноў сталі паўнавартаснымі членамі грамадства. Зараз амаль 80% нашых гасцей ужо працаўладкаваныя, — расказаў Яўген Ярмантовіч.

Таксама тут дапамагаюць атрымаць рэгістрацыю, аднавіць дакументы або зрабіць новыя, аформіць інваліднасць ці пенсію.

Знаходзіцца дом часовага знаходжання па адрасе: Гродна, вуліца Карскага, 29. Кантактны тэлефон: +375 (152) 74-96-88.