Замест былога спартыўна-аздараўленчага лагера «Алімпіец» у Мастоўскім раёне пасля продажу з’явіцца новы аб’ект. Новы ўладальнік можа выкарыстоўваць участак пад будаўніцтва забаўляльных і гандлёвых аб’ектаў, кафэ ці жылога дома. Інфармацыя аб аўкцыёне з’явілася на платформе «Бутб-имущество».

«Алімпіец» знаходзіцца ў вёсцы Дашкаўцы Гродзенскай вобласці. Лот уключае драўляны будынак лагера, цагляную прыбудову, альтанку і калодзеж. Плошча ўчастка амаль 1,5 га. Пераможца аўкцыёну атрымае права арэнды на 50 гадоў.

Згодна з умовамі, новы ўладальнік можа мяняць прызначэнне ўчастка. Тэрыторыю можна выкарыстоўваць пад будаўніцтва адміністрацыйных, фінансавых ці гандлёвых аб’ектаў. Таксама можна ўзводзіць кафэ, забаўляльна-культурныя ці жылыя памяшканні. Аб’ект павінен запрацаваць праз чатыры гады з моманту пакупкі.

Аўкцыён адбудзецца 15 снежня 2025, стартавая сума лота — 210 руб.

Лагер «Алімпіец» у Мастоўскім раёне з’явіўся ў 1961 годзе. Пабудовы там узводзілі аж да 2011 года. Раней тут праводзілі спартыўныя зборы, цяпер лагер знаходзіцца на балансе Гродзенскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву па вяслярных відах спорту імя Рудзевіча.

Чытайце таксама: У Ашмянах з аўкцыёну прадаюць цэлы склад адзення сэканд-хэнд