Завяршыўся канфлікт вакол 8 сотак зямлі ў прыгарадзе Гродна, які доўжыўся больш за год. Участак прымусова вызвалілі і расчысцілі для будаўніцтва дома.
Тэлерадыёкампанія Гродна паказала кадры, дзе на ўчастку знаходзіцца тэхніка, а рабочыя выносяць платы, цяпліцы і альтанку.
Цяпер новая ўладальніца зможа будаваць на зямлі дом. Невядома, ці прапанавалі новыя ўчасткі дзвюм жанчынам, якія апрацоўвалі тут агароды.
Нагадаем, дзве жыхаркі Каробчыц — Галіна Андрушэвіч і Святлана Аўвакумава — амаль 40 гадоў апрацоўвалі агароды насупраць сваіх дамоў у Каробчыцах. Раней зямля сапраўды ішла пад агароды. Але паводле генплана ад 2004 года яна прызначаецца для жылой забудовы.
Год таму ўчасткі прадалі на аўкцыёне. Новая ўладальніца — Наталля Сіда — спрабавала пачаць будаўніцтва, але жанчыны адмовіліся вызваляць зямлю, кажучы пра тое, што карысталіся ёю дзесяцігоддзямі. Яны спасылаліся на шматгадовае карыстанне і артыкул 87 Кодэкса «Аб зямлі». Таксама яны падавалі дакументы, каб узаконіць участкі, але атрымалі адмову. Улады прапаноўвалі ім іншыя варыянты, але жанчыны не пагадзіліся.
Старшыня райсавета дэпутатаў Ігар Лябецкі казаў, што «будзем шукаць кампраміс».
— Каробчыцы растуць, зямлю тут купляюць для будаўніцтва, таму мы ідзём на ўшчыльненне. А разбіваць агарод «дзе хачу» не атрымаецца, — казаў Лябецкі.



