Гродзенская пісьменніца Святлана Несцярэнка выпусціла кнігу «Граф Валіцкі, свая гульня» — мастацкую гісторыю пра Міхала Валіцкага, авантурыста і гульца XVIII-XIX стагоддзяў, чый стан вырас з картачных выйгрышаў і гандлю мастацтвам. Рэальных звестак пра графа захавалася няшмат, таму ў кнізе факты пераплятаюцца з выдумкай.

— У кнізе тры часткі, 54 раздзелы, і кожны з іх — асобная прыгода. Сучасны студэнт-гісторык магічным чынам трапляе ў пачатак XIX стагоддзя, у палац Валіцкага. Той яму кажа, што адзіны, хто зможа вярнуць яго назад дадому, гэта чараўнік Алесандра Каліёстра. На яго пошукі яны адпраўляюцца разам. І ў дарозе граф расказвае студэнту пра сваё жыццё, — паведаміла «Вячэрняму Гродна» Святлана Несцярэнка.

Хто такі граф Міхал Валіцкі

Міхал Валіцкі нарадзіўся ў 1746 годзе ў Наваградку ў сям'і збяднелага шляхціца Міцкевіча. Вучыўся ў езуітаў у Магілёве, затым працаваў у Мінскім судзе, але хутка пакінуў службу. Пасля пераезду ў Варшаву стаў спрытным гульцом у карты і більярд, вядомым тым, што ніколі не прайграваў шулерам. Пазней жыў у Львове, Вене і Парыжы, дзе ўвайшоў у вышэйшае грамадства, гуляў пры двары французскай каралевы Марыі-Антуанэты і разбагацеў, гандлюючы каштоўнасцямі.

У Гродне выйшла кніга пра авантурыста, які купіў палац у цэнтры горада за картачны выйгрыш
Міхал Валіцкі.

Пазней купіў дваранскае прозвішча Валіцкі і тытул графа. Вярнуўшыся ў Беларусь, набыў у 1793 годзе палац у Гродне. Гэты будынак знаёмы многім гродзенцам. Ён знаходзіцца на вуліцы Філарэта, 1. Цяпер там архіерэйскае падвор’е. Таксама граф купіў маёнтак з фабрыкамі ў Азёрах.

Ён быў мецэнатам, ахвяраваў Віленскаму ўніверсітэту і дапамагаў студэнтам з прозвішчамі Міцкевіч і Валіцкі. Памёр у Вільні ва ўзросце 82 гадоў, завяшчаўшы стан сваякам і ўніверсітэту. Яго калекцыі каштоўнасцей пасля апынуліся ў Эрмітажы.

Дворец Валицкого
Палац Валіцкага. Фота: grodnonews.by

Дакладных фактаў аб графе няма

Каб сабраць увесь матэрыял, Святлана Несцярэнка паўгода вывучала розныя дакументы. Паводле яе слоў, складанасць у пошуку інфармацыі заключалася ў тым, што пра жыццё Валіцкага няма ніводнага дакладнага факта. Усе яны супярэчаць адзін аднаму альбо ніяк не пацвярджаюцца.

У Гродне выйшла кніга пра авантурыста, які купіў палац у цэнтры горада за картачны выйгрыш
Святлана Несцярэнка з кнігай. Фота: vgr.by

— Ёсць дзве крыніцы, адкуль можна пачарпнуць хоць якую-небудзь інфармацыю. Гэта ўспаміны Фадзея Булгарына і польскага пісьменніка Хенрыка Жавускага, але і яны супярэчаць адзін аднаму. Некаторыя дакументы захоўваюцца ў нашым гродзенскім архіве, але толькі пра той перыяд, калі Валіцкі жыў у Гродне. А якім ён быў у маладосці, невядома. Сам ён пра сябе ніколі не расказваў і, пражыўшы 82 гады, ніякай аўтабіяграфіі не пакінуў, хоць быў выдатным апавядальнікам, — кажа краязнаўца.

Кніжка выйшла тыражом 2000 асобнікаў. Набыць яе можна ў кнігарнях горада, а таксама ў «Акадэмкнізе» ў Мінску.

У 2024 годзе Міхал Валіцкі стаў героем першага гродзенскага гістарычнага коміксу.