Да навагодніх свят у Гродне з’явяцца 15 ёлак — 6 жывых і 9 каркасных са штучнымі лапкамі. Самая вялікая, вышынёй 31,5 м, будзе ўстаноўлена на плошчы Леніна. На Савецкай плошчы паставяць 18-метровую елку з 3D-святлодыёднай ілюмінацыяй, якая будзе маляваць карцінкі.Акрамя ёлак, у горадзе ўпрыгожаць 12 дрэў «золатам», гірляндамі, святлодыёдным неонам, паведамляе тэлеканал «Гродна Плюс».
Усяго для ўпрыгожвання горада будзе выкарыстана каля 40 тысяч метраў гірлянд. Іх мантаж плануюць завяршыць да 12 снежня. У гэты дзень у Гродне запаляць дызайнерскія ёлкі, якія, як і ў мінулыя гады, размесцяцца ў парку імя Жылібера.
А ўсю гарадскую навагоднюю ілюмінацыю ўключаць 20 снежня.
Дарэчы, горад ужо пачалі ўпрыгожваць. Першым да Новага года пачалі падрыхтоўваць Стары мост, дзе на пачатку лістапада ўжо пачалі развешваць гірлянды.



