У Воранаўскім і Навагрудскім раёнах міліцыя змагаецца з «тунеядцамі». Штрафы атрымліваюць людзі, якія ігнаруюць выклікі на паседжанні камісій па ўтрыманцах, а таксама не прыходзяць на грамадскія працы, піша «Зеркало».

З 1 красавіка 2025 у Воранаўскім раёне да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнулі як мінімум шэсць чалавек. Яны праігнаравалі выклікі ў міліцыю па пытаннях занятасці.

Пра аднаго з аштрафаваных жыхароў Воранаўскага раёна адчыталіся ў мясцовым РАУС. У жніўні беспрацоўны беларус не з’явіўся на паседжанне камісіі па ўтрыманцах. Вядома, што мужчына прымяняў хатні гвалт у дачыненні да блізкіх. Быў у ЛПП (лячэбна-працоўны прафілакторый). Мужчыну збіраліся адправіць на медагляд у раённую бальніцу, каб з яго вынікам «зноў выйсці ў суд з заявай аб накіраванні яго ў ЛПП», — адзначылі ў РАУС.

У Навагрудку 132 чалавекі паўдзельнічалі ў «мерапрыемствах па працаўладкаванні». Да адміністрацыйнай адказнасці за нез’яўленне прыцягнулі 32 чалавекі, яшчэ 45 адправілі ў ЛПП.

Сілавікі заняліся пошукам «тунеядцаў» пасля распараджэння Лукашэнкі

У студзені 2025 Лукашэнка заявіў, што неабходна больш актыўна прыцягваць на рынак працы тых, хто не працуе. У красавіку кіраўнік МУС Іван Кубракоў узгадніў з Мінпрацы «комплекс дадатковых мер па аказанні прафілактычнага ўздзеяння ў дачыненні да працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, у тым ліку вядучых асацыяльны лад жыцця».

Пасля гэтага ў Мінску і некаторых рэгіёнах, у тым ліку ў Ваўкавыску, сілавікі падключыліся да пошуку ўтрыманцаў і іх працаўладкавання.

Чытайце таксама: Куды знікаюць тунеядцы: чым займаюцца ў Гродзенскай вобласці і якія плацяць падаткі