Пасля рэканструкцыі Дома быту на Замкавай, 4 плануюць размясціць кропкі харчавання, а фасад будынка ўпрыгожаць вітражамі. Больш падрабязны план рэканструкцыі апублікавалі ў справаздачы АУНА.

Згодна з характарыстыкай будучага аб’екта, Дом быту рэканструююць пад грамадскі будынак (напрыклад, гандлёвы цэнтр або фудкорт). З першага па шосты паверхі плануюць размясціць кафэ. Таксама з’явяцца кладоўкі і санвузлы для наведвальнікаў і супрацоўнікаў.

Перыметр Дома быту аздабяць бетоннай адмосткай. На фасадах усталююць ПВХ-вокны, з’явіцца вітражнае шкленне. Звонку будынак аздабяць фасаднай фарбай, цокаль атынкуюць. Паркоўкі ў Дома быту не будзе “ў сувязі са сціснутымі ўмовамі”, гаворыцца ў справаздачы.

Мяркуецца, што рэканструкцыя “акультурыць гістарычны цэнтр Гродна”. Дом захавае гістарычную накіраванасць забудовы квартала. Да яго арганізуюць пад’езд і пешаходныя падыходы.

У гродзенскім Доме быту хочуць зрабіць кафэ
Праект рэканструкцыі Дома быту. Крыніца: Telegram-канал аблвыканкама Гродна

Аб рэканструкцыі Дома быту стала вядома у 2020 – меркавалася, што на яго месцы з’явіцца гасцініца. Будынак спрабавалі прадаць чатыры разы, пакупнік знайшоўся толькі з пятай спробы. У колькі Дом быту абышоўся пакупніку – невядома. Стартавая цана складала больш за 4 млн руб. ($ 1,3 млн).

Чытайце таксама: У цэнтры Гродна прадаюць Дом быту. Пяць гадоў таму яго планавалі знесці, бо ён «не ўпрыгожвае наш горад»