Пасля рэканструкцыі Дома быту на Замкавай, 4 плануюць размясціць кропкі харчавання, а фасад будынка ўпрыгожаць вітражамі. Больш падрабязны план рэканструкцыі апублікавалі ў справаздачы АУНА.

Згодна з характарыстыкай будучага аб’екта, Дом быту рэканструююць пад грамадскі будынак (напрыклад, гандлёвы цэнтр або фудкорт). З першага па шосты паверхі плануюць размясціць кафэ. Таксама з’явяцца кладоўкі і санвузлы для наведвальнікаў і супрацоўнікаў.

Перыметр Дома быту аздабяць бетоннай адмосткай. На фасадах усталююць ПВХ-вокны, з’явіцца вітражнае шкленне. Звонку будынак аздабяць фасаднай фарбай, цокаль атынкуюць. Паркоўкі ў Дома быту не будзе «ў сувязі са сціснутымі ўмовамі», гаворыцца ў справаздачы.

Мяркуецца, што рэканструкцыя «акультурыць гістарычны цэнтр Гродна». Дом захавае гістарычную накіраванасць забудовы квартала. Да яго арганізуюць пад’езд і пешаходныя падыходы.

У гродзенскім Доме быту хочуць зрабіць кафэ
Праект рэканструкцыі Дома быту. Крыніца: Telegram-канал аблвыканкама Гродна

Аб рэканструкцыі Дома быту стала вядома у 2020 — меркавалася, што на яго месцы з’явіцца гасцініца. Будынак спрабавалі прадаць чатыры разы, пакупнік знайшоўся толькі з пятай спробы. У колькі Дом быту абышоўся пакупніку — невядома. Стартавая цана складала больш за 4 млн руб. ($ 1,3 млн).

Чытайце таксама: У цэнтры Гродна прадаюць Дом быту. Пяць гадоў таму яго планавалі знесці, бо ён «не ўпрыгожвае наш горад»