Гродзенскі вулічны музыка Аляксандр Зімін распавёў, што яго з хэндпанам 7 лістапада “выгналі” з Савецкай вуліцы. Для яго ігра была дадатковай крыніцай заробку. У музыкі быў дазвол на ігру ад Гродзенскага гарвыканкама, але ён яго не падоўжыў.
“З Пешаходкі мяне сёння выгналі. Дама з уладаў у суправаджэнні супрацоўнікаў міліцыі, якая цяпер сочыць за парадкам. У выніку на працягу вуліцы, ад Маладзёжнага цэнтра да ЦУМа, не стала рамеснікаў. На ўсёй Савецкай – ні аднаго музыканта. Нядобрыя чуткі, але на тое яны і чуткі, так што агучваць не буду. Але настрой, натуральна – ніжэй плінтуса”, – напісаў музыка.
Аляксандр удакладніў, што бярэ дазвол на вулічную ігру ў гарвыканкаме кожны год, але ў 2025-м не паспеў гэта зрабіць. “Да канца года засталося ўсяго нічога, у снежні наступнае пісаць на наступны год. У адказ: “Вось будзе дазвол, тады і прыйдзеце, а цяпер сыходзьце”, – распавёў Зімін. Паводле яго слоў, дасталася і рамеснікам – іх таксама папрасілі сысці з вуліцы. У каментарах гэта звязваюць з прыездам Аляксандра Лукашэнкі ў Гродна.
“Ёсць пастанова гарвыканкама ад 2014 года, згодна з якой ад крамы “Ратушный” да Моладзевага цэнтра могуць стаяць толькі ўдзельнікі Гродзенскага аб’яднання майстроў і рамеснікаў “Гарадзенскі каларыт”. Проста ніхто не звяртаў на гэта ўвагі, і гандляваў хто хацеў і як хацеў. Мёд, чай, дзеткі са сваімі лялячкамі і алкашы з букецікамі. Цяпер вырашылі навесці парадак. Атрымалі вялікую хвалю абурэння”, – патлумачыла ў каментарах рамесніца Людміла.
Аляксандр Зімін — вулічны музыка з Гродна. Грае на вуліцы з 2016 года на хэндпане. Яго незвычайны інструмент у выглядзе лятаючай талеркі стаў славутасцю цэнтра Гродна. З’язджаў у Архангельскую вобласць працаваць на лесапільні, а потым вярнуўся. У Беларусі некалькі гадоў безвынікова змагаўся за медыцынскую даведку для правоў кіроўцы (у яго ДЦП і даведку даваць не хацелі). І лёгка атрымаў яе ў Расіі.
Чытайце таксама: «Усё забаранілі». Музыкі больш не будуць выступаць у цэнтральных дворыках Гродна


