Суд Цэнтральнага раёна Мінска 4 лістапада 2025 года прызнаў экстрэмісцкімі матэрыялы, звязаныя з блогерам Андрэем Бурымам, вядомым як Mellstroy. Рашэнне прынялі па ініцыятыве ГУБАЗіК МУС.
Пад забарону трапілі ўсе яго каналы на розных інтэрнэт-платформах, а таксама лагатыпы і вадзяныя знакі, якія выкарыстоўваюцца ў публікацыях.
МУС у сваім Telegram-канале папярэдзіла «пра адказнасць за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у любой форме, а таксама недапушчальнасць удзелу ў правакацыйных акцыях, якія парушаюць грамадскі парадак».
Сілавікі абяцаюць, што «супрацьзаконныя дзеянні будуць спыняцца, а вінаватыя асобы карацца па ўсёй строгасці закона». Беларусам пагражае адказнасць па арт. 19.11 КаАП.
Раней МУС паведамляла, што ў сувязі з конкурсам Mellstroy у Беларусі зафіксаваны выпадкі хуліганства, парушэнняў грамадскага парадку і ўдзелу ў несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах. Некаторых удзельнікаў затрымалі. Ён заклікаў рэкламаваць свой праект Mellstroy.game і абяцаў кватэры за найлепшыя ролікі.
Гродзенскія сілавікі таксама звярнулі ўвагу на ролікі гараджан. Як паведамляла «Гродна Плюс», да 24 кастрычніка з’явіліся «адзінкавыя выпадкі прыцягнення да адказнасці» з-за відэа. Па якіх артыкулах людзей прыцягвалі, сілавікі не паведамілі.
Блогер Mellstroy — гэта ўраджэнец Гомеля Андрэй Бурым. У яго 3,6 мільёна падпісчыкаў у TikTok і 3 мільёны ў Instagram.
Скандальную вядомасць ён атрымаў у 2020 годзе, калі падчас аднаго са сваіх стрымаў збіў дзяўчыну, піша «Наша Ніва». Пасля гэтага на Бурыма завялі крымінальную справу. У выніку яму прызначылі паўгода папраўчых работ і штраф. Перыядычна Бурыма абвяшчаюць у вышук у Беларусі і Расіі, тады блогер хаваецца за мяжой. У дачыненні да яго ў нашай краіне распачата крымінальная справа. Меркавана, за ўхіленне ад службы ў беларускім войску. А таксама ў ААЭ — за абразу наведвальніка клуба.


