Былая кіраўнічка Гродзенскага дзіцячага хоспіса Вольга Вялічка на сваёй Facebook-старонцы паразважала, чаму беларусы ахвяравалі грошы хвораму дзіцёнку праз блогерку Яўгенію Тарасенка (Jennie.t). Цяпер Тарасенка і яе партнёр Міхаіл знаходзяцца пад вартай — верагодна, яны прысвоілі сябе сабраныя грошы. На думку Вялічкі, рэпрэсійная мадэль кіравання дзяржавай спрыяе таму, што блогеры злоўжываюць даверам аўдыторыі.

(Прыводзім пост Вольгі Вялічкі цалкам)

«Гэтая гісторыя пра гродзенскіх блогераў — яркі, хоць і сумны прыклад таго, якія сістэмныя праблемы існуюць з дабрачыннасцю ў Беларусі. Яна паказвае не толькі маральную дэградацыю асобных людзей, але і глыбокія структурныя хібы ў тым, як у краіне рэгулюецца, кантралюецца і ўспрымаецца дабрачыннасць.

Пяць год я не кірую дабрачыннай арганізацыяй, але бачу хібы сённяшяй сістэмы.

1. Адсутнасць празрыстых механізмаў і даверу

У Беларусі няма празрыстай сістэмы кантролю за зборамі сродкаў у інтэрнэце. Людзі часта ахвяруюць грошы, кіруючыся эмоцыямі, не маючы магчымасці праверыць, куды яны ідуць. Блогеры, якія маюць аўдыторыю і пэўную «медыйную рэпутацыю», лёгка атрымліваюць давер, бо дзяржава фактычна знішчыла інстытуты даверу — незалежныя фонды, арганізацыі, журналістыку.

У выніку — замест празрыстай сістэмы дапамогі, існуе хаатычны рынак даверу, дзе эмоцыі замяняюць адказнасць.

2. Рэпрэсіі супраць сапраўдных дабрачынных арганізацый

Пасля 2020 года дзяржава ліквідавала ці выціснула за мяжу большасць незалежных НДА, якія займаліся дапамогай — у тым ліку фонды, што працавалі з хворымі дзецьмі, сем’ямі ў цяжкай сітуацыі.

У выніку людзі, якія хочуць дапамагаць, засталіся без надзейных каналаў. Іх вера перамясцілася ў інстаграм і тэлеграм, дзе дабрачыннасць стала элементам шоу.

3. Культ «блогерства» і дэфармацыя каштоўнасцяў

Сацыяльныя сеткі ў Беларусі (як і ў свеце) стварылі новую «мараль»: калі ты папулярны, ты аўтаматычна надзейны. Але ў кантэксце краіны, дзе рэальная грамадская дзейнасць пераследуецца, менавіта блогеры і застаюцца адзінымі публічнымі фігурамі, якія могуць адкрыта збіраць грошы.

Таму дабрачыннасць ператвараецца ў медыйны спектакль, дзе ахвяраванні — гэта частка іміджу, а не адказнасці.

4. Дзяржаўны кантроль і манапалізацыя «правільнай» дабрачыннасці

Беларускія ўлады актыўна прасоўваюць лаяльных блогераў і «патрыятычныя» праекты, напрыклад, праз «Фабрыку блогераў». Гэта стварае ілюзію, што дабрачыннасць і дапамога магчымыя толькі ў межах «правільных» ініцыятыў.

Гэта — маніпуляцыя: пад выглядам клопату пра дзяцей рэжым фарміруе свой медыйны твар/тавар, якія дэманструюць «гуманнасць» дзяржавы.

5. Маральная стомленасць грамадства

Пасля 2020 года беларусы перажылі шмат стратаў — і матэрыяльных, і эмацыйных. Людзям хочацца верыць у дабрыню, у нешта простае і светлае. І таму гісторыі «пра дапамогу хвораму дзіцяці» лёгка кранаюць сэрцы.

Але злоўжыванне гэтым даверам толькі паглыбляе цынізм — людзі пачынаюць баяцца ахвяраваць, губляюць веру нават у сапраўдныя зборы.

6. Замкнёнае кола

— дзяржава душыць незалежныя фонды;

— людзі ідуць да блогераў;

— блогеры скарыстоўваюць давер;

— давер падае;

— дзяржава кажа: «Вось бачце, незалежным нельга давяраць — толькі дзяржаўным структурам!»

Гэта замкнёнае кола падмены дабра — калі нават чалавечая адкрытасць да гора выкарыстоўваецца як інструмент кантролю і прыбытку.

Заключэнне

Гэта гісторыя з гарадзенскімі блогерамі— не толькі пра крадзеж грошай. Гэта люстэрка краіны, дзе рэальную дабрачыннасць выгналі, а яе месца заняла дабрачыннасць-спектакль.

І пакуль у Беларусі не будзе адноўлена прастора свабоднага і адказнага грамадзянскага жыцця, такія гісторыі будуць паўтарацца. Бо праблема не ў асобных блогерах — праблема ў сістэме, якая замяніла давер на шоу".

Што адбылося з гродзенскімі блогерамі?

Аб затрыманні Яўгеніі і Міхаіла стала вядома 4 лістапада. Паводле звестак праваахоўнікаў, яны збіралі грошы «на лячэнне цяжка хворага дзіцяці». Падпісчыкам за 10 рублёў прысвойвалі нумары ўдзельнікаў розыгрышу, прызамі ў якім былі смартфоны ці аўтамабіль. Арганізатары сцвярджалі, што толькі невялікая частка сабраных сродкаў пойдзе на падарункі, а астатняе — на дапамогу хлопчыку.

Паведамляецца, што «з 1,5 мільёна рублёў толькі 200 тысяч перадалі маці дзіцяці, 315 тысяч патрацілі на падарункі ўдзельнікам стрыму. Астатні каля мільёна рублёў блогеры выдаткавалі на „прыгожае жыццё“ — паездкі на Мальдывы і ў ААЭ, арэнду элітнага жылля, азартныя гульні і іншыя забавы».

Блогераў затрымалі. У дачыненні да іх следства ўзбудзіла крымінальную справу аб махлярстве ў асабліва буйным памеры. Санкцыі артыкула прадугледжваюць да 12 гадоў пазбаўлення волі.

«Мама паедзе ў камандзіроўку»: як былы супруг Яўгеніі Тарасенка адрэагаваў на навіны?

Наконт затрымання былой жонкі выказаўся Алег Тарасенка — у сеціва мужчына выйшаў амаль адразу. Згодна з яго словамі, падрабязнасцяў ён не ведае. Таксама Алегу шкада іх агульнага 12-гадова сына — дзіцёнку Алег плануе сказаць, што «мама паехала ў камандзіроўку».

Таксама Алег звярнуўся да людзей, якія прымалі ўдзел у «латарэі» блогеркі. Ён папракнуў беларусаў за тое, што яны не перавялі грошы хвораму дзіцёнку напрамую.