У Гродзенскай вобласці за 2025 год зафіксавалі пяць злачынстваў па артыкуле 341 КК («апаганенне збудаванняў або псаванне маёмасці»). Гэта на два больш, чым у 2024. Часцей за ўсё надпісы пакідаюць у грамадскіх месцах пад камерамі відэаназіранняў, піша «Гродзенская праўда».

Парушальнікі пакідалі «цынічныя надпісы і выявы» на прыпынках, фасадах крам, сценах жылых дамоў, паштовых скрынях і вагонах цягнікоў, распавёў начальнік упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі УУС Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрый Астрашэўскі. Малюнкі выяўлялі ў Гродне, а таксама Гродзенскім, Зэльвенскім, Слонімскім і Астравецкім раёнах.

Часцей за ўсё надпісы пакідалі пад відэакамерамі, таму сілавікам лёгка вызначыць, хто гэта зрабіў. Грамадскія будынкі на наяўнасць малюнкаў і надпісаў таксама правяраюць патрулі, АМАП, участковыя і супрацоўнікі ЖКГ.

Сілавікі і мясцовыя ўлады праводзяць прафілактычныя работы. «Адпрацоўваюць» адміністрацыйныя ўчасткі, праводзяць гутаркі і асвятляюць праблему ў СМІ, кажа Астрашэўскі.

Чытайце таксама: Сілавікі затрымліваюць гродзенцаў за старыя падпіскі на экстрэмісцкія чаты і каналы