Нацыянальнае агенцтва па турызме прадставіла каляндар мерапрыемстваў «Зіма ў Беларусі 2025/26», у які ўвайшлі зімовыя святы і фестывалі па ўсёй краіне. Многія з іх звязаныя з навагодняй тэматыкай. Рэдакцыя Hrodna.life вывучыла запланаваныя ў рэгіёне мерапрыемствы.
16 снежня ў цэнтры рамёстваў «Спадчына» адкрыецца «Гарадскі маёнтак Дзеда Мароза». Арганізатары абяцаюць, што ўся тэрыторыя цэнтра ператворыцца ў «сапраўдную казку». Дзеці і іх бацькі змогуць паразмаўляць з галоўным навагоднім персанажам, загадаць жаданне і павадзіць карагоды ля ёлкі. Таксама можна паўдзельнічаць у квэстах і калядных гульнях, зрабіць сувеніры сваімі рукамі, купіць падарунак ад рамеснікаў. Будзе тэатралізаванае шоў казачных герояў і лялечны тэатр «Батлейка». Гарадскі маёнтак будзе працаваць да 6 студзеня 2026 года.
Шэсце Дзедаў Марозаў у Гродне пройдзе 19 снежня. У гэты ж дзень на галоўнай навагодняй ёлцы на плошчы Леніна ўключаць ілюмінацыю. У праграме таксама канцэрт, карагоды і танцы.
На Савецкай плошчы, як і летась, з 20 снежня адкрыецца «Навагодні церам Дзеда Мароза». Кожны дзень да 7 студзеня тут будуць праходзіць святочныя інтэрактыўныя праграмы, конкурсы і майстар-класы. Тыя, хто раскажа верш Дзеду Марозу, змогуць атрымаць салодкі прыз.

Што яшчэ плануюць у Гродзенскай вобласці на навагоднія святы
Ва ўнутраным двары Мірскага замка 13 снежня пройдзе ўрачыстае адкрыццё Каляднага сезона. У гэты ж дзень у Слоніме ўключаць навагоднюю ілюмінацыю. Запланавана шоу-праграма «Нашэсце Дзедаў Марозаў-2026».
Зімовыя рэзідэнцыі і сядзібы Зюзі і Дзеда Мароза
З 15 снежня ў вёсцы Белы Дворак Бераставіцкага раёна пачне працу рэзідэнцыя Бераст-Зюзі і спадарыні Мяцеліцы.
У праграме адкрыцця будуць гульні, конкурсы, карагод ля ёлкі, выстава-кірмаш сувеніраў і майстар-класы ад аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры. Таксама наведвальнікаў чакае інтэрактыўны квэст па тэматычных пляцоўках. Рэзідэнцыя будзе працаваць да 15 студзеня.
У Дзятлаўскім раёне, у аграгарадку Вензавец, усім ахвотным прапануюць прыняць удзел у экалагічным квэсце «Ключы бабулі Зімы» ў рэзідэнцыі мясцовага Дзеда Мароза, якая будзе знаходзіцца на тэрыторыі Вензавецкага лясніцтва.
Тут таксама з’явяцца іншыя казачныя персанажы — Бабуля Зіма, Лешы, Старычок-Баравічок і Рэха. У праграме: карагоды, гульні, танцы і вячоркі за святочным сталом. Рэзідэнцыя будзе працаваць да 15 студзеня.

У Іўеўскім раёне 15 снежня адкрыецца «Сядзіба Дзеда Зімніка і Бабы Завірухі».
Тут можна будзе прагуляцца па лесе, прайсці квэсты, а таксама ўбачыць выступленне народнага тэатра гульні «Зялёны фургон» мясцовага цэнтра культуры і вольнага часу.
Працаваць сядзіба будзе да 15 студзеня.
«Навагодняя ноч» у Лідзе і Калядны баль у Карэлічах
«Лідскі гісторыка-мастацкі музей» 14 студзеня запрашае на культурна-пазнавальную праграму «Пад бой курантаў: навагоднія прыгоды ў музеі».
Ва ўпрыгожаных залах музея пройдуць тэматычныя экскурсіі, прысвечаныя зіме і навагоднім святам, майстар-класы па вырабе свечак і паштовак, выступленне тэатра ценяў і танцавальны батл. Вечар завершыцца музычнай праграмай.
Таксама можна з’ездзіць на Калядны баль, які адбудзецца 16 студзеня ў Карэлічах. Ён пройдзе ў марской тэматыцы з удзелам Русалачкі і піратаў. Гасцей чакае Каляднае падарожжа ў «чароўны свет марскіх цудаў».
 

