Міліцыя Гродзенскай вобласці паведаміла, што аператыўнікі па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі затрымалі вядомых блогераў — 17-гадовага гродзенца і 37-гадовую жыхарку Гродна. Мяркуючы па апублікаваных кадрах, гаворка ідзе пра блогерку Jennie.t (Яўгенію Тарасенка) і яе бойфрэнда Міхаіла — iceedvard. У гродзенкі больш за 550 тысяч падпісчыкаў у Instagram. У хлопца — больш за 200 тысяч.

Паводле звестак праваахоўнікаў, яны збіралі грошы «на лячэнне цяжка хворага дзіцяці». Падпісчыкам за 10 рублёў прысвойвалі нумары ўдзельнікаў розыгрышу, прызамі ў якім былі смартфоны ці аўтамабіль. Арганізатары сцвярджалі, што толькі невялікая частка сабраных сродкаў пойдзе на падарункі, а астатняе — на дапамогу хлопчыку.

Як паведамляецца, «з 1,5 мільёна рублёў толькі 200 тысяч перадалі маці дзіцяці, 315 тысяч патрацілі на падарункі ўдзельнікам стрыму. Астатні каля мільёна рублёў блогеры выдаткавалі на „прыгожае жыццё“ — паездкі на Мальдывы і ў ААЭ, арэнду элітнага жылля, азартныя гульні і іншыя забавы».

У Гродне затрымалі блогерку Jennie.t з бойфрэндам — падазраюць у растраце пасля збору хвораму дзіцяці
Скрыншот з відэа.

Розыгрыш праводзіўся ў акаўнце Міхаіла летам 2025 года. Блогеры збіралі грошы на лячэнне гродзенца Вані Сцяцэнкі. Хлопчыку зараз 9 гадоў. У 4 гады ў яго дыягнаставалі смяротнае генетычнае захворванне — цягліцавая дыстрафія Дзюшэна-Бекера. Бацькі адкрылі збор на лекі ELEVIDYS, самыя дарагія ў свеце. Кошт — 2,9 мільёна долараў. Ці закрыты збор і колькі ўдалося сабраць у выніку грошай, не вядома. Зараз акаўнт бацькоў у сацсетках недаступны.

Што да блогераў, то ў сеціве яны былі яшчэ ўчора, 3 лістапада.

У дачыненні да іх следства ўзбудзіла крымінальную справу аб махлярстве ў асабліва буйным памеры. Санкцыі артыкула прадугледжваюць да 12 гадоў пазбаўлення волі.

У Яўгеніі ёсць непаўналетні сын.