Драўляны лямус знаходзіцца ў Ашмянах на вуліцы Лейбы Стругача. Яго пабудавалі ў пачатку ХХ стагоддзя, але статуса гісторыка-культурнай каштоўнасці ў лямуса няма. Цяпер пабудову выставілі на аўкцыён — пакупнік можа рэканструяваць яго як захоча.

У лот уваходзіць аднапавярховы бярвеністы будынак 1910 года пабудовы. Пераможца аўкцыёну можа рэканструяваць, зносіць ці ўзводзіць новы дом на ўчастку.

Ацэначная сума — 7,6 тыс. руб. Ужо ўнеслі першы задатак у 42 руб.

На продаж лямуса звярнуў увагу Telegram-канал «Спадчына». Аўтары пішуць, што ні ў самой сядзібы, ні ў гаспадарчых пабудоў няма ахоўнага статусу. «Гэта дазволіла падонку-ўласніку фактычна знішчыць гасподскі дом як помнік драўлянага дойлідства».

Гаворка ідзе пра сядзібу XIX стагоддзя, якая належала буйному прамыслоўцу Лейбу Стругачу — аднаму з самых багатых яўрэяў Беларусі. Калі Лейба Стругач памёр у 1906 годзе, дом перайшоў сынам. У 1939 годзе дом нацыяналізавалі.

У ліпені 2019 года сядзібу выставілі на аўкцыён. Яе купіў мясцовы жыхар Віталь Баброўскі. У 2021 годзе Баброўскі казаў, што плануе арганізаваць у былой сядзібе Стругачоў двухпавярховую аграсядзібу «Дом байкера». На другім паверсе мужчына планаваў жыць сам, а ўнізе — размясціць кафэ, кіназалу або більярд. Таксама ён планаваў аднавіць басейн і аранжарэю.

У выніку гаспадар знішчыў гістарычны выгляд будынка XIX стагоддзя. Зруб заклалі газасілікатнымі блокамі, змянілі канструкцыю даху, размяшчэнне вокнаў і іх памер.

Чытайце таксама: Сядзібу найбагацейшага габрэя Беларусі выставілі на аўкцыён. Будынак у Ашмянах ацанілі ў 4 тысячы долараў