Амаль 40 гадоў мясцовая жыхарка Каробчыц Галіна Андрушэвіч карысталася ўчасткам насупраць яе дома — садзіла агарод. Год таму Наталля Сідо набыла гэты ўчастак на аўкцыёне, але пабудаваць дом не можа — Андрушэвіч супраць. Гісторыю канфлікту распавядае «Гродзенская праўда».
Агародныя ўчасткі пачалі прадаваць у 2019 годзе
Галіна Андрушэвіч жыве ў доме з 80-х гадоў. Яе муж працаваў галоўным інжынерам, калі яго перавялі ў Каробчыцы. Сям'і далі кватэру, а саўгас выдзеліў зямлю пад агароды.
— І мы да гэтага часу імі карысталіся. Я 16 гадоў працавала ў КУП ЖКГ Гродзенскага раёна, муж быў дырэктарам райселькамунгаса, ён памёр у 2004 годзе. Няўжо ён не заслужыў гэтай зямлі? — цікавіцца Андрушэвіч.
Сем'і па суседстве таксама апрацоўвалі агароды на ўчастках побач — высаджвалі дрэвы, разбівалі градкі і ставілі шклярніцы. У 2019 стала вядома, што згодна з планам развіцця Каробчыц зямля пойдзе пад будаўніцтва — участкі выставяць на аўкцыён.
Андрушэвіч — адна з нямногіх, хто не адмовіўся ад участку
Калі ўчасткі пачалі прадаваць, мясцовыя жыхары адмовіліся ад агародаў - некаторыя ўзамен атрымалі тэрыторыі ў іншых месцах. Не адмовілася толькі Андрушэвіч і яе суседка Святлана Авакумава, хаця ў жніўні 2024 «іх» участак таксама прадалі з аўкцыёну.
Яго купіла Наталля Сідо — планавала будаваць жылы дом. Дакументы і праект дома ўжо падрыхтаваны, але будаўніцтва так і не пачалося.
— Калі купілі ўчастак, ён быў засаджаны сельгаскультурамі. Мы ўзгаднілі з гаспадынямі, што пачакаем, пакуль збярэцца ўраджай, і толькі потым прыступім да будоўлі. Жанчыны наракалі, што ім цяжка прыбіраць цяпліцы, плот, да таго ж зямля ўжо ўгноеная. Нават у гэтым мы прапанавалі сваю дапамогу. Гатовы былі перавезці ўрадлівы пласт, куды ім трэба, — кажа Сідо.
Але вясной 2025 года Андрушэвіч зноў урабіла зямлю і пасадзіла ўчастак, а летам паставіла плот. Сідо звярнулася да мясцовых улад і ў міліцыю. Хацела «спыніць неправамерны захоп тэрыторыі».
Таксама згодна з умовамі аўкцыёну, пакупнік павінен пабудаваць дом на працягу трох гадоў, інакш участак забяруць. У Сідо на рэалізацыю плана засталося два гады. Год яна страціла.
Апелююць да кодэкса «Аб зямлі»
Андрушэвіч і Авакумава спасылаюцца на Кодэкс «Аб зямлі». Згодна з артыкулам 87, калі чалавек больш за 15 гадоў бесперапынна і добрасумленна валодае ўчасткам як уласным, гэта не лічыцца самавольным заняткам. Нават калі дакументаў на зямлю ён не мае.
Жанчыны падавалі дакументы, каб узаконіць права на зямлю. Але атрымалі адмову, таму што ўчастак, паводле зацверджанай горадабудаўнічай дакументацыі, прадугледжаны для іншага мэтавага выкарыстання. Раней зямля сапраўды ішла пад агароды, але з зацверджанага ў 2004 годзе генплана ўчасткі прызначаны для жылой забудовы.
Андрушэвіч і Авакумавай прапанавалі некалькі іншых участкаў на выбар. Жанчыны адмовіліся. Старшыня райсавета дэпутатаў Ігар Лябецкі кажа, што «будзем шукаць кампраміс».
— Каробчыцы растуць, зямлю тут купляюць для будаўніцтва, таму мы ідзём на ўшчыльненне. А разбіваць агарод «дзе хачу» не атрымаецца, — дадае Лябецкі.
Адмаўляюцца аддаваць зямлю і шукаць кампрамісы
Патрабаванні ў Андрушэвіч розныя. Яна альбо не гатовая аддаваць зямлю зусім, альбо патрабуе перадаць ёй участак у «пажыццёвае выкарыстанне». Жанчына дадае, што «позна шукаць кампраміс». Андрушэвіч кажа, каб Сідо выдзелілі ўчастак пад будаўніцтва ў іншым месцы.
Яшчэ адзін варыянт, які мясцовыя ўлады прапануюць Андрушэвіч — звярнуць увагу на пералік свабодных зямельных участкаў. Такія могуць падаць на пажыццёвае карыстанне.
— У гэтым выпадку гэтае пытанне не разглядалі, бо жанчыны яго не ініцыявалі, — расказаў галоўны дзяржаўны інспектар па выкарыстанні і ахове зямель Гродзенскага раёна Андрэй Салкевіч.
Згодна з законам, жанчыны павінны вызваліць участак. Калі яны не зробяць гэта добраахвотна, да іх прыменяць адміністрацыйныя меры.
Чытайце таксама: Гродзенцы судзяцца з мінскім забудоўшчыкам: незадаволеныя кампенсацыяй за знос прыватнага дома
 
 


